Вуліца Рыжская ў Чапаеўцы / Еўрарадыё
— Вось адкуль у іх такія вялікія дамы, калі яны нідзе не працуюць? Нідзе не працуюць, у войску не служаць, не жэняцца, а потым з трыма дзецьмі атрымліваюць ільготныя кватэры. Вось у тым вялікім доме за наркотыкі сядзяць двое мужчын. Ды батракі на іх працуюць, — расказвае Еўрарадыё жанчына сталага веку. Мы размаўляем з ёй у Чапаеўцы — пасёлку ў Магілёве, дзе жыве ромская дыяспара, піша Еўрарадыё.
Хто такія батракі, мы пабачым крыху пазней. Гэта мясцовыя выпівакі, якія працуюць у ромскіх гаспадарках.
Беларусы расказваюць, што шмат людзей працуе на цыганоў
Чапаеўка засвяцілася ў навінах паўгода таму, калі ў Магілёве пры загадкавых абставінах загінуў супрацоўнік ДАІ. Следства прыйшло да высновы, што Яўген Патаповіч скончыў жыццё самагубствам. Але першапачаткова ў выкраданні інспектара падазравалі мясцовых ромаў. Міліцыя правяла рэйд па пасёлку. Расказваюць, што АМАП прыехаў на некалькіх БТРах, былі затрыманыя і дапытаныя дзясяткі чалавек, а ў адной жанчыны не вытрымала сэрца — яна памерла.
Выбачацца за гэта дзяржаве давялося на самым высокім узроўні — да пакрыўджаных ромаў прыехала кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Пасля гэтага дыяспара абарвала ўсе кантакты з праваабаронцамі і журналістамі. Ці вярнулася Чапаеўка да нармальнага жыцця цяпер, праз паўгода пасля трагедыі? Каб даведацца, мы проста едзем туды і пытаемся ў мясцовых, дзе жывуць ромы. Мінакі нам раяць знайсці “цыганскую краму” — менавіта так яны называюць звычайны “Родны кут”.
Крама ў Чапаеўцы
Прадавачка кажа, што цыганы сюды заходзяць рэдка, хіба што па хлеб, бо грошай у іх няма, як і раней. Жанчына раіць выйсці на вуліцу Рыжскую, на якой жывуць ромы, і грукацца ў любы дом.
— Жывём спакойна, нас ніхто не з’еў, — гаворыць яна. — Я даўно ўжо працую. Раней цыганы добры прыбытак давалі, а цяпер зойдуць, хлеба возьмуць, і ўсё. Прыціснулі з іхнімі махінацыямі…Некаторых і працаваць прымусілі. [Кіроўцамі] на аўтобусах, на восеньскіх работах.
Пакупнікі раяць звярнуць увагу на вялікія цагляныя будынкі — маўляў, менавіта ў іх жывуць ромы.
Фатаграфавацца ў Чапаеўцы адмаўляюцца ўсе
— Гэта лішняе, — кажа цыган Міхаіл, але парай слоў перакінуцца пагаджаецца. Яго паўгода таму таксама затрымлівалі па справе загінулага міліцыянера.
— А дзе самі працуеце?
— Я ў Расіі. У Расіі нас шмат працуе.
— Дом у вас вялікі.
— Цесць пабудаваў.
— А які занятак у цыганоў? Ці складана знайсці працу, калі цыган?
— Шмат на будоўлі працуюць. Мая пляменніца банкаўскую справу скончыла, але ў банкі не бяруць. Баяцца, што цыганка.
— А як вы жывяце пасля масавых затрыманняў, ці нешта змянілася?
— Я дзякую прэзідэнту, што ён ва ўсім разабраўся. Я за прэзідэнта.
Цыганскія дамы адрозніваюцца ад дамоў беларусаў
Ён не барон, а толькі сын барона
22 траўня ў Чапаеўцы быў затрыманы цыганскі барон Раман Бараноўскі па мянушцы Ромка. Літаральна днямі, 26 лістапада, мужчыну пачалі судзіць, але пасяджэнні праходзяць у закрытым рэжыме. Мужчыну вінавацяць у незаконным абароце наркотыкаў па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі, максімальнае пакаранне па ім — да 15 гадоў зняволення.
Ні маці, ні жонку, ні сястру Ромкі ў судовую залу не пусцілі, весткі ад адваката жанчыны чакалі ў калідоры. Спадзяюцца яны толькі на Наталлю Качанаву, з якой хацелі б сустрэцца, каб яна зноў заступілася за ромаў. Ну і яшчэ — на Бога.
— Божачкі-божачкі, дапамажы нам, — усхліпвае старая цыганка і дадае, што іх Раман — ніякі не барон. Гэта яго бацька быў баронам, а ён проста застаўся крайнім.
Пытаемся, ці магчыма сустрэцца з сапраўдным баронам. Нас скіроўваюць у суседні цыганскі пасёлак Грабянёва, дзе паўгода таму АМАП таксама затрымліваў ромскіх мужчын. З намі пагадзіўся сустрэцца Яфім Казіміраў па мянушцы Хімка, якая засталася яшчэ з дзяцінства. Размову ён таксама пачынае з таго, што ён не барон, а толькі сын барона.
Хімка запрашае нас у свой дом. Ён расказвае, што пасля візіту Наталлі Качанавай мясцовыя ўлады пачалі дапамагаць ромам. Сын барона асабіста сустракаўся з чыноўнікамі, тыя цікавіліся праблемамі цыган, асноўная з якіх — адсутнасць працы. На біржы працы ромам пачалі прапаноўваць вакансіі.
Яфім Казіміраў
Калі Казіміраў расказаў чыноўнікам, што асноўны яго занятак — фермерства, яму прапанавалі “ўзяць” пару калгасаў. Але мужчына рассудзіў, што стратныя гаспадаркі яму не патрэбныя, і папрасіў ва ўладаў зямлі.
А праўда, што ўсе беларусы — п’яніцы?
Травеньскія падзеі, калі людзей затрымлівалі і кідалі ў камеры, Яфім Казіміраў памятае добра. Наталлю Качанаву гаспадар дома таксама згадвае добрым словам.
— Стаўленне да нас [пасля прыезду Качанавай] змянілася. І не толькі з боку МУС, — кажа ён. — Народ бачыў і разумеў, што адбылося непаразуменне. Ведаеце народны выраз: як на казлах адыграліся. Але не гэтым трэба паказваць, якая развітая структура МУС… Асабліва ГУБАЗ. Каго ні зловяць, дык “дайце што-небудзь на Яфіма, на Хімку…”. Нават калонію наведвалі і прапаноўвалі людзям па 3-5 гадоў скінуць, каб далі на мяне нешта. Чым я ім перашкаджаю?
Лічыцца, што ўсе цыгане крадуць і гандлююць наркотыкамі. А я таксама ў вас запытаюся: а праўда, што ўсе беларусы — п’яніцы?
Пытаемся, ці адчуваюць ромы негатыў з боку суседзяў-беларусаў? Зайздрасць за вялікія дамы? Па словах Яфіма Казімірава, большая частка беларусаў спачувала цыганам падчас міліцэйскай аблавы.
“Людзі розныя, некаторыя з зайздрасцю жывуць, — гаворыць Яфім. — Цыганы дазваляюць сабе…Няхай не раскошу, але добрую машыну, добрага каня. Гэта заўсёды было ў цыганоў у крыві”.
Ці вось, напрыклад, словы пра тое, што цыганы не служаць у войску…Тут абураецца сябар сына барона Пётр, які дагэтуль моўчкі назіраў за размовай.
— Няпраўда! Я сам служыў, мой бацька быў вайскоўцам і дзед. А не служаць, бо як ісці ў войска, калі ў 18 гадоў цыганы ўжо маюць па трое дзяцей?
“Не прапускалі ніводнага цыганяці, дзяцей”
— Ведаеце, у мяне ў пашпарце напісана, што я ўкраінец, бо мы ўкраінскія цыганы. Тое, што цыганы, заўсёды даводзілася хаваць. Усё жыццё мы ізгоі, як і яўрэі, — працягвае сябар сына барона.
Мы працягваем размаўляць пра жыццё ромаў у Беларусі. Відаць, што тэма адносін з МУС для Яфіма Казімірава — балючая. Ён зноў вяртаецца да яе.
— У нас гэты ГУБАЗ магілёўскі як нейкая асобная структура, — расказвае мужчына. — Яшчэ да сітуацыі з даішнікам цыганоў хапалі на вуліцах і па некалькі разоў вазілі ў аддзел, каб адбіткі пальцаў зняць. Не прапускалі ніводнага цыганяці, дзяцей. Мы прасілі ў іх даведку, каб калі ўжо ўзялі адбіткі, дык не затрымлівалі больш — яны нічога не давалі. Такі ціск быў некалькі гадоў.
Яшчэ адзін цыганскі пасёлак у Магілёве
— А як атрымліваецца захаваць мову і традыцыі? У школе ж цыганскую мову сёння не вучаць, апошняя такая закрылася ў Віцебску ў 1930-я.
— Нам школа не патрэбная. Мову мы ведаем з дому.
— У цыганскіх хатах на самым бачным месцы — праваслаўныя абразы. Ромы — вернікі?
— Вядома. Калі цыган пакляўся ў царкве, дык яго слову можна верыць, — кажа Яфім. І дадае, што ў мясцовай царкве ў Грабянёве за яго грошы набылі купель для хрышчэння дзяцей.
На развітанне просім пагадзіцца сфатаграфавацца, бо ўсе сёння адмаўляліся. Сын барона пагаджаецца. А пасля выбірае здымак, які можна апублікаваць: каб выглядаў салідна.
Пасля размовы з Хімкам выязджаем з Грабянёва. У цэнтры пасёлка цяпер стаіць кіёск “Табакерка”. Можа, ён тут і дарэчы, бо ромы шмат кураць.
Фота: Еўрарадыё