Акцыйныя налепкі можна купіць нелегальна праз сацсеткі, каб атрымаць дарагі посуд з добрай зніжкай
Гутарка ідзе пра камплект посуду маркі “Royal Kuchen”, на які можна атрымаць зніжку аж у 75%. Для гэтага трэба ўсяго толькі рэгулярна хадзіць у краму і рабіць пакупкі на пэўную суму. Але жыхары Асіповічаў людзі не заможныя, а кожная адзінка такога тавару каштуе каля 10 даляраў, таму модны посуд мог так і застацца на прылаўках навечна… калі б не хітрыкі мясцовых жыхароў. Вось прапанова, ад якой цяжка адмовіцца:
Мы б магчыма і прайшлі міма такой досыць дзіўнай і неадназначнай прапановы, каб не адна акалічнасць. Абвестка была не адна, і акцыйныя налепкі нават маюць розныя каціроўкі і розныя цэны. Вось іх прапануюць (зусім іншы чалавек) па кошце ў два разы вышэйшым:
А на наступным здымку бачны цэлы рулон налепак, які дапаможа купіць досыць дарагі камплект з 75%-зніжкай – для гэтага трэба сабраць іх аж 40 штук. Дарэчы ангельска-нямецкі назоў “Royal Kuchen” можна перакласці, як “каралеўская кухня”, але вытворца, канечне, Кітай:
Гэтая сітуацыя падалася нам дзіўнай, і карэспандэнт “Магілёўскага рэгіёна” вырашыў звязацца з нелегальным прадаўцом зніжак. Але выявілася, што старонка дзяўчыны (прапанавала налепкі па 1 рублі) была ўжо заблакаваная, а хопец, што прапаноўваў зніжкі па 2 рублі, апынуўся… дзяўчынай без гісторыі і пазначэння лакацыі, якая на кантакт не пайшла.
Затое журналіст знайшоў каментар Вячаслава Кліміна, які ўвогуле прапанаваў ўвесь гэты посуд набыць у яго “танней, чым у “Магніце” і без розных наклеек”. Калі верыць старонцы ў сацсетцы, Вячаслаў Клімін жыве ў Маскве. Але цікава, што масквіч добра знаёмы з Асіповічамі, бо “Магніт” гэта насамрэч гандлёвы цэнтр, які прадае ў тым ліку і посуд. А сярод яго персанальных фота знайшлося і гэта жнівеньскае, з уласнага аўтамабіля… Ці не ён прывозіць тавар у Беларусь?
Нам удалося знайсці сутнасць прапановы на неафіцыйным сайце расейкай сеткі крамаў “Магніт”. З 30 кастрычніка і па 21 студзеня наступнага года ва ўсіх яе гандлёвых кропках насамрэч праводзіцца акцыя “Святкуйце па-каралеўску”.
Але на афіцыйным сайце “Магніта” аніякіх крамаў па-за межамі Расеі не пазначана. Таму ў Асіповічах няма філіялу сеткі. Ці не з’яўляецца гандаль акцыйнымі налепкамі парушэннем заканадаўства, і як увогуле такі тавар трапляе ў Асіповічы – гэта пытанне да рэгулятара гандлю. Але маркетынг “па-мясцоваму”, па меншай меры, выглядае дзіўнавата.
Аляксандр Уселюбскі