Дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага мэдычнага каледжа паабяцаў «разабрацца» з куратаркай, якая «прасіла» навучэнцаў прагаласаваць датэрмінова. Па ягоных словах, яна «магла перагнуць палку» і «зь ёю будзе праведзеная тлумачальная работа», паведамляе Радыё Свабода.
Будынак мэдычнага каледжа ў Магілёве«На выбары датэрмінова ў абавязковым парадку…»
Паведамленьне пра прымус галасаваць датэрмінова даслалі Свабодзе навучэнцы каледжу. У ім яны працытавалі куратарку: «Усе, каму ёсьць 18 гадоў, ідуць галасаваць на выбары датэрмінова ў абавязковым парадку, калі хтосьці ня прыйдзе, будуць праблемы ў яго і ў куратара». Навучэнцы дадалі, што ўсіх, хто пражывае ў інтэрнаце, ужо «загналі галасаваць».
Скрын паведамленьня куратаркіУ пацьверджаньне сваіх слоў яны разам з допісам даслалі скрын паведамленьня куратаркі з суполкі «Ўкантакце». Там яна просіць навучэнцаў прагаласаваць датэрмінова, каб у яе не было праблемаў на выходных.
Дырэктар каледжа: галасаваць нікога не прымушаюць
Дырэктар навучальнай установы Ўладзімер Рыжкоў заявіў, што інфармацыя пра прымушэньне навучэнцаў галасаваць датэрмінова непраўдзівая. Ён настойвае: нікога не прымушаюць, усе ідуць галасаваць па жаданьні.
Уваход у навучальны корпус з шыльдай«Вядома ж, інфармацыя пра выбары, аб парадку галасаваньня, аб мэтах, задачах і наагул сыстэме дзяржаўнага кіраваньня павінна даводзіцца навучэнцам — гэта адназначна, — кажа кіраўнік навучальнай установы. — Куратар тут магла перагнуць палку ў нейкай ступені. Будзем праводзіць тлумачальную работу».
Навучэнцы: не паслухацца мы не маглі
У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды навучэнцы каля самага каледжу казалі, што ім «раілі і прапаноўвалі прагаласаваць датэрмінова» і «яны не маглі дазволіць сабе не паслухацца».
«Ня ведаю, што было б, каб я не пайшла галасаваць, — адказвае адна зь іх, — але, схадзіўшы, магу вучыцца спакойна далей і ня думаць пра кепскае».
Фота: Радыё Свабода