Аляксандр Крушаў – малады настаўнік матэматыкі і інфарматыкі з аграгарадка Добрае, што на Магілёўшчыне. Разам з Наталляй, настаўніцай малодшых класаў і заадно сваячкай, Аляксандр запісаў відэазварот, у якім асудзіў брутальныя дзеянні сілавікоў і ўладаў, а таксама выказаў падтрымку беларускаму народу і спадзеў, што неўзабаве ўсё зменіцца да лепшага. «Белсат» пагутарыў з Аляксандрам Крушавым пра школу, падзеі 2020 году ў Беларусі ды наступствы відэазварота.
«Было страшнавата»
Аляксандр распавядае, што відэазвароты ці не сямейная традыцыя Крушавых.
– Незадоўга да нашага відэазвароту майго дзядзьку затрымалі таксама за відэазварот з Горацкіх ачышчальных збудаванняў. Калега, якая запісвала разам са мной відэаролік – гэта яго жонка і мая цётка. Таму на самой справе было страшнавата, – кажа Аляксандр Крушаў.
Настаўнікі не выключалі, што за імі таксама могуць прыехаць, але і маўчаць не маглі. Сваім зваротам яны хацелі падтрымаць мірных пратэстоўцаў, якія адстойваюць свае канстытуцыйныя правы:
– І, канешне, студэнтаў хацелася падтрымаць асобна. Сам я студэнтам быў яшчэ зусім нядаўна. Працую толькі другі год пасля сканчэння ўніверсітэту. Мае сябры, знаёмыя, якія яшчэ не скончылі ўніверсітэт, – яны таксама выходзяць. Шмат хто з іх ужо тэлефанаваў, падтрымліваў, цікавіўся як у нас складваецца абстаноўка, – кажа Аляксандр.
«Бачаць, што ў наш бок паехала міліцыя – тэлефануюць, каб папярэдзіць»
Аграгарадок, у якім жывуць і працуюць настаўнікі, называецца Добрая. Шмат хто з прыезджых адзначае, што назва гэтыя характарызуе і мясцовых жыхароў:
– Усе адно аднаго ведаюць, ходзяць у госці. Шмат аднавяскоўцаў нас падтрымлівае. На самой справе ёсць тыя, хто супраць дзеючай улады даўно, бо недавер людзей – гэта не справа двух месяцаў. Дык вось ёсць тыя, хто перажывае за нас. Едуць па дарозе, бачаць, што ў наш бок паехала машына міліцыі – адразу тэлефануюць, каб папярэдзіць. Падтрымка ёсць, яна вельмі моцна адчуваецца, – распавядае Аляксандр.
Аляксандр Крушаў працуе цяпер у школе, якую калісьці скончыў.
У яго – мае мэтавае размеркаванне, і, у выпадку звальнення, давядзецца кампенсаваць вялікую суму:
– У мяне ідзе трэці год стажу ў гэтай школе: свой працоўны шлях распачаў яшчэ калі навучаўся на чацвёртым курсе. Я ўсё гэта асэнсоўваю і да таго, што могуць пакараць ці звольніць, як мог падрыхтаваўся, найперш маральна.
«З боку адміністрацыі – неразуменне і нязгода»
Пакуль што, па словах Аляксандра, адміністрацыя школы ніяк не адрэагавала на дзеянні настаўнікаў. Але маладыя людзі лічаць, што гэтае пытанне будзе вырашана даволі хутка.
– Верагодней за ўсё нас пакараюць. Бо 26 кастрычніка мы з калегай далучыліся да Агульнанацыянальнай забастоўкі. Потым нас папрасілі напісаць за гэта тлумачальныя.
Адміністрацыі нашае рашэнне выйсці на забастоўку дужа не спадабалася. А дабіў іх наш выхад з прафсаюзу, бо раней 100 адсоткаў работнікаў школы былі ў прафсаюзе, а калі мы выйшлі – сапсавалася статыстыка, – тлумачыць Аляксандр.
У педагагічным калектыве ёсць тыя, хто падтрымлівае і падзяляе пазіцыю Аляксандра і Наталлі. Некаторыя робяць гэта прыхавана па сваіх паважлівых прычынах.
– З боку ж адміністрацыі стаўленне да нас – гэта неразуменне і нязгода. Напэўна пры сучаснай уладзе такое ў парадку рэчаў, – рэзюмуе Аляксандр.
Ганна Вашчанка, Belsat.eu