Галоўная » Дацэнтаў акадэміі ў Горках адпраўляюць на фермы сачыць за “абасранымі каровамі”

Дацэнтаў акадэміі ў Горках адпраўляюць на фермы сачыць за “абасранымі каровамі”

Выкладчыкаў і дацэнтаў Беларускай сельгасакадэміі ў Горках ужо амаль тры месяцы адпраўляюць сачыць за парадкам на навакольных фермах. Штодзённыя дзяжурствы праходзяць з 8-й раніцы да 5-й вечара. На іх ездзяць спецыялісты з факультэтаў бізнесу і права, бухгалтарскага ўліку, міжнародных сувязяў і давузаўскай падрыхтоўкі, эканамічнага факультэта, паведамляе Еўрарадыё.

Скрыншот з відэа выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі​

Сярод іншага выкладчыкі павінны адсочваць час выдалення гною, час і якасць падсцілання ў стойлах, час і якасць кармлення.

“Дзяжурствы праходзяць з 1 верасня, у іх прымаюць удзел выкладчыкі з усіх факультэтаў, — расказвае Еўрарадыё адзін з выкладчыкаў сельгасакадэміі. — Яны звязаны з тым, што падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі на адну з фермаў у сакавіку цяляты нібыта ляжалі ў гразі. Вось і арганізавалі дзяжурствы, каб была дапамога”.

У сакавіку Аляксандр Лукашэнка, які сам скончыў БДСГА, прыехаў на ферму аграхолдынга “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне. Ён нібыта адхіліўся ад вызначанага маршруту і зайшоў у кароўнік, куды нібыта не павінен быў заходзіць, назваў убачаных там кароў абасранымі, а на наступны дзень саслаў у Магілёўскую вобласць сачыць за парадкам цяпер ужо былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца і цяпер ужо былога віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага.

Як ставяцца да паездак на фермы выкладчыкі: пратэстуюць або пакорліва выконваюць загад?

“Калі запісалі, трэба ехаць. Не скажаш жа, што не паедзем, — працягвае выкладчык. — На дзяжурствах даводзіцца знаходзіцца цэлы дзень. Калегі расказвалі, што сядзяць у дзяжурцы або ходзяць па тэрыторыі. Некаторыя фермы знаходзяцца далёка ад Горак: з раніцы забірае аўтобус, вечарам прывозіць назад”.

Прарэктар па вучэбнай рабоце: “Па якіх фермах? Па якіх калгасах?”

Некаторыя выкладчыкі БДСГА прапаноўвалі распрацаваць для жывёл аптымальны рацыён кармлення. “Але хіба будзе даглядчык жывёлы слухаць парады работнікаў акадэміі? Ён і так ведае, чым карміць кароў, — кажа наш суразмоўнік. — Ад выкладчыкаў хочуць, каб тыя проста прыязджалі, сядзелі, глядзелі, ці прыбрана там у кароў і ці кормяць іх. Кажуць, што чыста”.

У распараджэнні Еўрарадыё апынуўся графік дзяжурстваў у РУП “Вучгас БДСГА”. Выкладчыкі і дацэнты ВНУ сапраўды дзяжураць на фермах штодня з ранку да вечара.

У памятцы прапісаны абавязкі дзяжурных. На ферме выкладчык павінен: сустрэцца з кіраўніком і зоаветэрынарнымі спецыялістамі; азнаёміцца ​​са станам бягучых спраў; прапанаваць практычную дапамогу па ажыццяўленні кантролю за арганізацыяй тэхналагічных працэсаў; устанавіць санітарны стан жывёлагадоўчых памяшканняў (час выдалення гною, час і якасць падсцілання ў стойлах жывёл, час і якасць кармлення); устанавіць умовы ўтрымання цялят; звярнуць увагу на працу зоаветэрынарных спецыялістаў і гэтак далей.

Выкладчыкі акадэміі абавязаны фіксаваць выяўленыя недахопы (пісьмова і на фота) і ўжываць меры па іх ліквідацыі.

Няўжо нельга было адстаяць права работнікаў ВНУ займацца сваёй непасрэднай справай, а менавіта — вучыць будучых спецыялістаў? Еўрарадыё паспрабавала атрымаць каментарый кіраўніцтва БДСГА. Аднак прарэктар па вучэбнай рабоце Міхаіл Волкаў у адказ на наша пытанне здзівіўся: “Па якіх фермах? Па якіх калгасах?” — а потым адмовіўся размаўляць па тэлефоне. Няўжо ён і праўда не ведае, што супрацоўнікі сельгасакадэміі ездзяць дзяжурыць на фермы?