Галоўная » Горкі: „У нашым райцэнтры такога ніколі не было, хіба што ў вайну“

Горкі: „У нашым райцэнтры такога ніколі не было, хіба што ў вайну“

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-верасьні 2020 году.

 

Сяргей Даронін, 45 гадоў, будаўнік, Горкі (Магілёўская вобласьць):

Сяргей Даронін

„Мы з жонкай Натальляй і большым сынам Стасем выбраліся 10 жніўня ў цэнтар гораду ў гаспадарчых справах. Непадалёк ад Цэнтральнай плошчы ўбачылі аўтазакі. Ясна, мы ведалі, што адбываецца ў краіне пасьля выбараў, але не дапускалі думкі, што сілавікі ўчыняць гвалт у нашым райцэнтры. Тут жа кожны адзін аднаго ведае і падобнага ніколі не было, хіба толькі ў вайну.

Мы выйшлі са сваёй машыны, бо ехаць далей не адважыліся. Плошча перад райвыканкамам была бязьлюднай. Людзі грамадою сталі каля кінатэатру, які за некалькі сотняў мэтраў ад будынка гарадзкой адміністрацыі. Мы не парушалі грамадзкага парадку, ня чулі, каб міліцыя папярэджвала, што зьбірацца ў гэтым месцы забаронена. Ішлі сям’ёю і раптам чуем: «Узяць іх!»

Да нас падляцелі міліцыянты ў рыштунку. Далей усё адбывалася хутка. Я зразумеў, што проста затрыманьнем гэта ня скончыцца. У сілавікоў былі намеры нас «круціць жорстка». У гэты момант да нас падбег меншы 15-гадовы сын Данііл. Ён выправіўся ў цэнтар, дзе звыкла гуртуецца моладзь, раней за нас. Я пачаў крычаць, каб жонку і дзіця не чапалі. Мяне адразу павалілі тварам у асфальт і ўзяліся малаціць дручкамі. Жонка потым сказала, што на мяне наваліліся трое «касманаўтаў». Столькі ж абступілі 23-гадовага Стася і білі гэтаксама, як мяне. Натальлю схапілі пад рукі двое і пацягнулі ў аўтазак. Яшчэ адзін ішоў сьледам.

Натальля Дароніна

Чуў, як яна лямантавала: «Што вы творыце? Так рабіць нельга! Ганьба!» Данііл кінуўся да маці. Два сілавікі прыціснулі яго да сьцяны, а трэці ўдарыў дручком. Натальля крычала амапаўцам: “Адпусьціце хлопца і ня біце! Ён непаўналетні», — маліла яна.

Жонка казала, што запомніла вочы міліцыянтаў, якія распраўляліся з намі. Яны былі ашалелымі, азьвярэлымі, з чырваньню.

Я не магу пераказаць словамі, што адчуваю, успамінаючы тыя падзеі. З падобным сутыкаліся мужчыны ў вайну, калі не маглі абараніць сваіх блізкіх, а потым жылі з такой душэўнай траўмай. Мне сорамна, што ня змог прыкрыць сабою сваю сям’ю.

Нас чацьвярых закінулі ў адзін аўтазак. У мяне было расьсечана вуха, балела галава. Даніілу разьбілі нос, цякла кроў. На просьбу выклікаць хуткую дапамогу міліцыянт заявіў, што хлопца агледзеў і зь ім усё ў парадку. У аддзеле міліцыі таксама адмовіліся аказваць мэдычную дапамогу. У ізалятары я і сын прайшлі мэдычны агляд пасьля пісьмовага звароту ў Сьледчы камітэт на неправамернае ўжываньне сілы і спэцсродкаў супрацоўнікамі органаў правапарадку. У мяне былі сінякі па целе, вялікі шнар на галаве паўз вуха. У сына таксама сінякі. У жонкі былі сінякі на руках, бо за іх яе цягнулі ў аўтазак. У паліклініку схадзілі, калі выпусьцілі з ізалятару.

У ізалятар мяне, разам зь іншымі схопленымі, перавялі блізу трэцяй гадзіны ночы. Перад гэтым прайшлі зьневажальную працэдуру агляду. Разьдзявалі да галізны, а потым праводзілі розныя маніпуляцыі: прысесьці, нахіліцца. Натальля казала, што ў «малпоўні» трымалі жанчыну з трэцяй групай інваліднасьці і не давалі вады. 19-гадовую дзяўчыну кінулі туды за тое, што яна сядзела з хлопцам на Цэнтральнай плошчы перад райвыканкамам.

Жонка прабыла ў ізалятары дзень. Данііла, пратрымаўшы некалькі гадзін у міліцыі, адпусьцілі, калі прыйшла па яго бабуля. У ізалятары абыходзіліся з намі больш-менш па-людзку. Супрацоўнікі ж ведаюць, што ім у Горках яшчэ жыць. Што да разгону на плошчы, то ў ім удзельнічалі мясцовыя супрацоўнікі, а таксама курсанты, якіх камандзіравалі да нас. Кажуць, што прыцягвалі і вайскоўцаў в/ч 6713, якія ахоўваюць горацкую папраўчую калёнію №9, хаця яны адмаўляюць гэта.

Мэдычная даведка зь фіксацыяй пабояў у Сяргея Дароніна: “удар мяккіх тканак левага вуха, абдзерына галавы і шыі”

Тое, што мы перажылі, адбываецца тады, калі людзям у пагонах даюць неабмежаваную ўладу. Яны ня здольныя ўсьведамляць, што за злачынныя свае дзеяньні пасьля адкажуць. Мы ў сям’і гэта называем дзяржаўным разбоем…“Утраіх мы абскарджвалі прысуды мясцовых судзьдзяў Вераб’ёвай і Зайцава, але іх абласны суд пакінуў у сіле. Зь міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту маю і сынаву справу перадалі ў Магілёў. Адтуль даслалі паперу, што праверку працягнулі на тры месяцы. Ілюзіяў у нас няма, што нам адпішуць у выніку.

Фота: Радыё Свабода