Згодна рашэння суда Горацкага раёна, магілёўскія журналісты-фрылансеры пакараны буйнымі штрафамі на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ — за незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
Міхаіл Аршынскі пакараны штрафам у 22 базавыя велічыні (594 рублі), Дар’я Чульцова – штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў). Журналістаў абвінавацілі ў працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі.
Суд над журналістамі адбыўся ў судзе Горацкага раёна яшчэ 21 красавіка, але самі журналісты на ім не прысутнічалі. Пра вынесеная судовае рашэнне яны даведаліся толькі 7 мая, пасля таго, як Міхаіл Аршынскі атрымаў ліст з пастановай суда Горацкага раёна па пошце.
Позвы з патрабаваннем з’явіцца ў Горацкі РАУС 9 красавіка М. Аршынскаму і Д. Чульцовай супрацоўнікі міліцыі ўручылі перад пачаткам разгляду справы Міхаіла Аршынскага ў Кастрычніцкім судзе Магілёва 27 сакавіка. Падставай для выкліку стаў відэасюжэт пра праблемы горацкай вёскі Стан, які яны здымалі на пачатку сакавіка. Пазней рэпартаж з’явіўся на тэлеканале “Белсат”.
Абмеркаваўшылі сітуацыю, журналісты вырашылі, што ехаць у Горкі небяспечна, бо ў Магілёўскай вобласці распаўсюджваецца каранавірусная інфекцыя. І Дар’я Чульцова, і Міхаіл Аршынскі накіравалі адпаведныя лісты з тлумачэннем сваёй пазіцыі ў Горацкі РАУС.
Журналісты напісалі, што яны не супраць пагутарыць з горацкімі міліцыянтамі, калі тыя створаць бяспечныя для іх здароўя ўмовы, паездка ж у Горкі грамадскім транспартам не можа гэта гарантаваць.
У адказ журналісты атрымалі sms-паведамленні з Горацкага РАУС, што ўказаныя імі аргументы не з’яўляюцца паважлівай прычынай.
Нягледзячы на гэтыя тлумачэнні, Горацкі РАУС усё ж накіраваў адміністрацыйную справу магілёўскіх журналістаў у суд — нават не правёўшы апытання. Горацкі раённы суд, у сваю чаргу, прызнанаў Аршынскага і Чульцову вінаватымі ў правапарушэнні ў іх адсутнасць.
Журналісты збіраюцца абскардзіць рашэнне суда Горацкага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.
Таксама 7 мая ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Міхася Аршынскага на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва. 27 сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пакараў яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў) на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь за матэрыял пад назвай “Пратэстоўцы супраць павышэння коштаў на бензін плануюць збірацца кожную суботу” з’явіўся на тэлеканале “Белсат” 9 лютага.
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Грыгорый Качалаў не прыняў да ўвагі аргументы журналіста і пакінуў яго скаргу без задавальнення. Міхась Аршынскі паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Магілёва абавязаны будзе выплаціць штраф у 540 рублёў.
Дар’я Чульцова за той жа рэпартаж судом Кастрычніцкага раёна Магілёва была прызнана вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, і пакарана штрафам у памеры 25 базавых велічынь на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП.
Іван Барысаў