У Магілёве «Марш герояў» пачаўся з супрацьстаяньня прыхільнікаў перамен зь міліцыяй. Супрацоўнікі АМАП затрымалі дваіх маладзёнаў, што справакавала канфлікт.
Традыцыйна пратэстоўцы пачалі зьбірацца на плошчы ля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», што за 200 мэтраў ад гарвыканкаму. Пляцоўку патрулявалі міліцыянты. Затрыманьні сталі сыгналам для аб’яднаньня людзей. Іх на плошчы сабралася некалькі сот. У адказ пад’ехаў аўтазак, зь якога выскачылі зь дзясятак міліцыянтаў. Яны спрабавалі выцесьніць пратэстоўцаў з плошчы, але пагрозы ўжываньня сілы і спэцсродкаў не падзейнічалі.
Прыхільнікі пераменаў скандавалі ў адказ: «Ганьба», «Гэта наш горад», «Фашысты». Напружанасьць спала, калі частка міліцыянтаў сышла.
Прастэстоўцы арганізаваліся ў калёну і рушылі па цэнтральнай вуліцы Першамайскай. Калёну суправаджалі міліцыянты. Не адставалі і два аўтазакі.
«Вядома ж, мне страшна і за сябе, і за дзяцей, — кажа адна з удзельніц маршу. — Усё сьмялейшыя гэтыя ў форме, але мы адбіваемся. Будзем выходзіць, пакуль хапае сіл і сьмеласьці. Як спынімся — ён нам усё прыгадае».
Прайсьці да плошчы Славы, дзе ратуша, пратэстоўцам не далі. Падыходы да яе ачапілі экіпаваныя міліцыянты. Прыхільнікі перамен рушылі ў Задняпроўе (Кастрычніцкі раён Магілёва). Колькасьць калёны дасягнула трох тысяч. Людзі скандавалі традыцыйныя для акцыяў пратэсту лёзунгі. Сярод іх быў новы: «Саша, ты уволен, потому что болен».
«А каму тут ня страшна? — перапытвае яшчэ адна суразмоўніца. — Мы становімся сьмялейшымі, хоць і нашы шэрагі зьмяншаюцца. Але моладзь адцягваецца і сваімі паводзінамі больш рашучая. Адаб’емся, як што».
На Пушкінскім праспэкце затрымалі журналіста інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён» Алеся Сабалеўскага. Праз тры гадзіны ягонай жонцы паведамілі, што ён у Кастрычніцкім аддзеле міліцыі. Сабалеўскага 7 верасьня вызвалілі з ізалятара, дзе ён адбываў 8-суткавы адміністрацыйны арышт. Шэсьць дзён ён трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня.
Марш герояў завяршыўся, калі калёна з Задняпроўя вярнулася ў цэнтар гораду. Некалькі дзясяткаў удзельнікаў прайшлі пешаходнай вуліцай Ленінскай, дзе разышліся.
Па сканчэньні маршу ля абласной бібліятэкі затрымалі дзяўчыну, у торбе якой быў 30 мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг. Яго ўдзельнікі шэсьця пранесьлі праз увесь горад. Паводле праваабаронцаў, у аддзелах міліцыі на гэты момант 5 затрыманых.
* * *
У Бабруйску ў Маршы герояў узялі ўдзел да 300 чалавек. Паводле мясцовых прыхільнікаў пераменаў, цэнтар гораду блякавалі міліцыянты. Вядома пра 4 затрыманых.
Паводле незалежнай газэты «Ўзгорак» з Горак, на шэсьце ў райцэнтры выйшлі мясцовыя жыхары ў нацыянальных строях і з гістарычнай сымболікай. Ёсьць затрыманыя.
Фота: Радыё Свабода, “Магілёўскі рэгіён”
Крыніца: Радыё Свабода