Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 27 сакавіка разгледзеў адміністрацыйную справу магілёўскага журналіста-фрылансера Міхаіла Аршынскага. Судзя Жанна Пушкіна пакарала яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў) на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь.
Разгляд справы ў судзе працягваўся каля двух з паловай гадзін. Суддзя заслухала паказанні сведкаў: двух супрацоўнікаў магілёўскага АМАПу Сяргея Мікушкіна і Юрыя Басава. Міліцыянты распавялі, што бачылі, як Аршынскі рабіў відэаздымку на вуліцы Гагарына ў Магілёве. Там каля гіпермаркета “Е-сіці” 8 лютага праходзіла акцыя супраць падвышэння коштаў на бензін. Матэрыял пад назвай “Пратэстоўцы супраць павышэння коштаў на бензін плануюць збірацца кожную суботу” з’явіўся на тэлеканале “Белсат” 9 лютага.
Мікушкін і Басаў казалі пра тое, што падчас акцыі аўтамабілістаў не было ніякіх парушэнняў грамадскага парадку. Міліцыянеры адзначылі, што Аршынскі проста здымаў на відэа, як дзяўчына-журналістка брала інтэрв’ю ў удзельнікаў акцыі.
Пасля суддзя разам з АМАПаўцамі выслухалі змястоўны выступ Міхаіла Аршынскага, у якім ён патлумачыў, што ніякіх парушэнняў не здзяйсняў і не лічыць сябе ў нечым вінаватым.
Аршынскі выказаў меркаванне, што справа ў адносінах да яго палітычна матываваная:
– Вінаватым я сябе не лічу. Я не парушаў артыкулаў прамога дзеяння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Я ні член кіраўніцтва, ні саўладальнік, ні дырэктар тэлеканала БелСАТ. Я не магу па сваім меркаванні размяшчаць там інфармацыю. Няма нават доказаў таго, што я знаходжуся ў працоўных адносінах з гэтым СМІ. Такім чынам, я не магу незаконна вырабіць прадукцыю СМІ, – сказаў журналіст у сваім выступе ў судзе.
Нягледзячы на пераканаўчыя аргументы Аршынскага, суддзя Пушкіна вынесла рашэнне пакараць журналіста штрафам у памеры 20 базавых велічынь на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ за незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
Нагадаем, што 24 сакавіка за асветленне гэтай жа акцыі журналістка Дар’я Чульцова атрымала штраф у 25 базавых велічынь. Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Таццяна Міхайлава тады таксама палічыла, што Чульцова парушыла заканадаўства аб СМІ і «незаконна вырабіла інфармацыйную прадукцыю» – рэпартаж, які быў паказаны на тэлеканале БелСАТ 9 лютага.
Усяго ў гэтым годзе магілёўскіх журналістаў шэсць разоў каралі штрафамі за парушэнне ч.2 арт.22.9 КаАП РБ. Раней па два штрафы за рэпартажы на БелСАТ таксама атрымалі Аліна Скрэбунова і Аляксандр Сідарэўскі.
На жаль, ужо зараз зразумела, што гэта быў не апошні суд над журналістамі на Магілёўшчыне. Перад пачаткам разгляду справы М. Аршынскага ў Кастрычніцкім судзе сумрацоўнік міліцыі пад роспіс уручыў позвы з патрабаваннем з’явіцца ў Горацкі РАУС 9 красавіка М. Аршынскаму і Д. Чульцовай. Журналісты мяркуюць, што падставай для выкліку стаў відэасюжэт пра праблемы горацкай вёскі, які яны здымалі на пачатку сакавіка.
Відэа: Яўген Глушкоў
Іван Барысаў