Галоўная » история » Page 18

Храму на Краснапольшчыне споўнілася 115 год

Не так многа засталося нам у спадчыну старажытных помнікаў беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку праваслаўных храмаў. Адных згубіў няўмольны час, іншых – бяздумныя, бяздушныя людзі. А сярод тых, што і сёння ўяўляюць сабой веліч і гонар нашага народа, адлюстроўваюць яго імкненні да прыгажосці фізічнай і духоўнай, – царква, што ў вёсцы Выдранка.

чытаць далей

Шклоўскі бульвар ператвараецца ў сметнік (Фота)

Некалі ў Шклове было шмат цудоўных мясцін для адпачынку грамадзян. Асабліва вызначаўся мнагалюднасцю бульвар на ўзбярэжжы Дняпра.

Шклоўскі бульвар, які месціцца на ўзбярэжжы ракі Днепр ў самым пачатку вуліцы Луначарскага, быў вядомы яшчэ ў перадваенныя гады і, бадай што, быў цэнтральным месцам адпачынку жыхароў Шклова. Мясцовы люд тут цудоўна бавіў час: яны купаліся ў Дняпры і каталіся на лодках, што ў неабходнай колькасці меліся на лодачнай станцыі. Тут жа праводзіліся і спаборніцтвы па воднаму спорту.

З успамін жыхара Шклова Леаніда Аўчыннікава: “На бульвары збіралася такая вялікая колькасць жыхароў Шклова, што, здаецца, нават паветра звінела, смяялася, гаманіла. Які там быў чысты сыпучы пясок! Дзятва ўдосталь напляскаўшыся ў рацэ, з разгону кідалася ў яго абдымкі і песцілася пад ласкавым сонейкам. Шклаўчане больш сталага ўзросту адпачывалі ў цяністай прахалодзе разгалістых дрэў”.

Ваеннае ліхалецце нанесла гэтаму цудоўнаму кутку значны эстэтычны ўрон. У пасляваенны час шклоўскі бульвар пачаў апекавацца калектывам дзіцячага дома №2, які быў створаны ў 1945 годзе і знаходзіўся непадалёк. Супрацоўнікі і выхаванцы дзіцячага дома пастаянна падтрымлівалі належны парадак на бульвары і прылягаючай тэрыторыі. Цудоўны куток прыроды па-ранейшаму быў любімым месцам адпачынку не толькі дзяцей-сірот, але і ўсіх гараджан. Пакуль існаваў дзіцячы дом (зачынены ў 1969 годзе), бульвар меў прывабны і ўтульны выгляд.

Паступова паток адпачываючых ў шклоўскі бульвар амаль спыніўся.  Днепр хутка пачаў мялець. Яго берагі і сам бульвар ўсё надзейней стаў абжываць хмызняк. Настаў момант, і ўжо былую цудоўную мясціну назваць бульварам язык не паварочваецца. Некалі маляўнічая мясціна ператвараецца ў сметнік. Дык хто мы на гэтай тленнай зямлі: гаспадары ці няўдзячныя госці?

Алесь Грудзіна. Фота аўтара

В Горках 2 октября отпразднуют 180-летие БГСХА. Программа

Праздничные мероприятия, посвященные 180-летию со дня основания Белорусской государственной орденов Октябрьской Революции и Трудового Красного Знамени … чытаць далей

Шклоўская ратуша: галоўная славутасць горада

6 лістапада 1999 года ў жыцці шклаўчан адбылася вялікая і радасная падзея. У горадзе ўзамен старой школы была адкрыта новая арыгінальная пабудова. У адзіны ансамбль “упісаны” гістарычны архітэктурны помнік “Ратуша” і сучасная навучальная ўстанова. Зараз Ратуша з’яўляецца самым наведваемым месцам г.Шклова сярод турыстаў і гасцей горада. Перад Днём турыста (27 верасня) карэспандэнт 6tv.by сустрэўся з удзельнікам тых падзей па аднаўленню помніка Аляксандрам Грудзіна і ўзяў у яго інтэрв’ю.

 

 – Аляксандр Пятровіч, што Вас асабіста звязвае з Ратушай у Шклове?

– Асабістым лёсам мне было наканавана атрымаць агульную сярэднюю адукацыю ў школе №3 горада Шклова. Школьны будынак быў двухпавярховы, цагляны і атынкаваны, пабудаваны яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і здаваўся вельмі вялікім і, безумоўна, непарушным.     У пачатку 60-х гадоў 20 стагоддзя гэта была адзіная двухпавярховая школа ў горадзе і самая вялікая па колькасці вучняў. У тыя часы школа выконвала ролю своеасаблівага цэнтра ўсяго дзіцячага жыцця і была месцам не толькі вучобы, а і шматлікіх гульняў і забаў. Кожны дзень, знаходзячыся ў школьным двары, погляд міжвольна сустракаўся з паўразбураным будынкам з вежай, які знаходзіўся побач і меў мясцовую назву “каланча”. Унутраныя пакоі са скляпеннямі, высокая вежа і цагляная муроўка падзямелляў заўсёды вабіла і прыцягвала. Будынак у асноўным быў безгаспадарлівы, таму была магчымасць вольна наведваць яго і па-свойму вывучаць. У дзіцячай свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія нібыта тут павінны былі адбывацца ў мінулым. Сярод бітай цэглы і смецця вельмі хацелася “нешта” знайсці і даведацца аб якой-небудзь цікавай падзеі.

 

 – Але гэта дзіцячыя ўражанні, а што было ў дарослым жыцці?

– Прайшоў пэўны час. Скончыўшы вышэйшую навучальную ўстанову, я зноў вярнуўся ў родны Шклоў. Мясцовая раённая газета “Ударны фронт” у тыя часы шмат увагі ўдзяляла гісторыі Шклоўшчыны, друкуючы матэрыялы Міхаіла Ільюшэнкі, Івана Кулікава, Івана Маісеева і іншых аўтараў. Пазнаёміўшыся бліжэй з гэтымі цікавымі людзьмі, я таксама захапіўся краязнаўствам і паступова далучыўся да гэтай цікавай дзейнасці.

Адным з галоўных аб’ектаў даследчыцкай працы, безумоўна, становіцца “каланча”. Вывучаючы разнастайную літаратуру, я даведаўся, што знаёмае з дзяцінства паўразбуранае збудаванне з вежай нішто іншае, як помнік архітэктуры, былы будынак гарадской ратушы, пабудаваны яшчэ ў 18 стагоддзі.

Адшукваючы новыя звесткі пра будынкі гарадскіх ратуш, я спазнаў, што на Беларусі  16-18 стагоддзі характарызуюцца росквітам гарадоў, насельніцтва якіх імкнулася да своеасаблівай вольнасці і самабытнасці. Адпаведных мэт жыхары тагачаснага горада маглі дасягнуць праз атрыманне Магдэбургскага права. Уражвала, што правінцыяльны невялікі горад – і раптам збудаванне, якое мае найцікавейшую гістарычную і культурную каштоўнасць. Унутраная свядомасць напачатку напоўнілася своеасаблівай асалодай, а потым і пачуццём гонару за свой родны кут. Гонар мясцовага жыхара цешыўся і тым, што падобных помнікаў на Беларусі засталіся адзінкі.

 

 – Надыйшоў перабудовачны час. Якія падзеі адбываліся ў Шклове ў дачыненні да Ратушы?

– Трэба сказаць, што мясцовая каштоўнасць з гістарынай кропкі погляду знаходзілася ў занядбаным стане. Першы паверх і невялікую заходнюю частку былых гандлёвых радоў займалі пажарнікі, потым у гэтых памяшканнях гаспадарылі прадпрыемства Гаргаз і школа №3. Але тое, што будынак яшчэ некаму быў патрэбны, захавала яго ад канчатковага разбурэння. А  сярод неабыякавых людзей яшчэ на пачатку 1980-х гадоў узнікае і пачынае лунаць ідэя адраджэння помніка, якая ўсё мацней бударажыць і мяне асабіста. Добра памятаю сваё выступленне на ІІІ раённай справаздачна-выбарчай канферэнцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў верасні 1981 года. Крыху блытана і з хваляваннем я выказаў заклапочанасць аб гаратным стане будынка ратушы і прызваў дэлегатаў прыняць неадкладныя меры па захаванню помніка.

У тыя часы вялікі грамадскі рэзананс мела друкаванае слова. Артыкулы пра ратушу ў Шклове рэгулярна пачынаюць з’яўляцца ў раённай і абласной газетах, а 14 ліпеня 1982 года мой невялікі артыкул пад назвай “Возродится ли красота?” друкуе газета “Знамя юности”.

Падтрымка мясцовай заклапочанасці рэспубліканскім выданнем надае ідэі аднаўлення помніка дадатковы станоўчы штуршок. Паведамленні ў друку не спыняюцца. Вядомасць Шклоўскай ратушы ўзрастае як і пашыраецца кола саміх аўтараў. У друку выступаюць Сяргей Пікас, Іван Кулікоў і іншыя. Усяго, пачынаючы з 1981 года, пра шклоўскую славутасць распавядаецца ў 37 артыкулах і паведамленнях.  Адначасова, каб зрушыць справу, робіцца некалькі дадатковых захадаў. Група найбольш актыўных гараджан накіроўвае пісьмы ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў БССР з просьбай аказаць падтрымку і дапамогу ў вырашэнні пытання рэстаўрацыі помніка ў Шклове. Неўзабаве прыйшоў адказ ад Старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, у якім паведамлялася, што пісьмо прынята і ўзята на кантроль.

 

 – Але гэта была пазіцыя краязнаўцаў-адзіночак. Ці рэагавала на падзеі вакол Ратушы якім чынам грамадскасць?

– На VI раённай канферэнцыі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якая адбылася ў сакавіку 1986 года, дэлегаты прынялі зварот да насельніцтва горада і раёна з мэтай збору добраахвотных грашовых сродкаў на рэстаўрацыю ратушы на спецыяльна адкрыты банкаўскі рахунак. Да снежня адпаведнага года грашовыя сродкі паступілі ад супрацоўнікаў райкама КПБ – 270 рублёў, міжгаспадарчага вучэбнага камбіната і райаграпрамтэхнікі – па 100 рублёў, прэзідыума раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры – 60 рублёў, фабрыкі “Спартак” і аддзела народнай адукацыі адпаведна – 46 і 30 рублёў, дзіцячых садоў №№1,2,4 – адпаведна 14 рублёў, 26 рублёў, 17 рублёў. Сярод асобных грамадзян найбольшую суму ўнёс святар Спаса-Прыабражэнскай царквы айцец Валянцін Цвікевіч – 50 рублёў

 

 – А якія канкрэтныя дзеянні разгарнулісь каля будынку Ратушы?

– Першыя зрухі непасрэдна на помніку пачынаюцца ў 1988 годзе. Упершыню за пасляваенны перыяд на будынку з’яўляюцца рабочыя і над збудаваннем з’яўляецца часовы дах. Праз два гады пачынаецца ачышчэнне падзямелляў ад смецця, якое назапашвалася тут некалькі дзесяцігоддзяў. Першапачаткова на будынку працуе студэнцкі атрад “Брама” з Белдзяржуніверсітэта, а 5 жніўня 1990 года па ініцыятыве створанага ў Шклове грамадска-палітычнага клуба быў праведзены працоўны нядзельнік. Разам з аўтарам на нядзельніку працавалі Ўладзімір Снегаў, Аляксандр Шчарбак, Іван Кірыленка, Барыс Стральцоў, Сяргей Старасцін і некаторыя іншыя гараджане. Разам з усімі рупіўся на нядзельніку тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дырэктар саўгаса “Гарадзец” Аляксандр Лукашэнка. Прыйшоў на нядзельнік падтрымаць працуючых і Іван Віктаравіч Кулікаў, якому на той момант ужо было амаль 80 гадоў.

Дзякуючы агульным намаганням і сапраўднаму энтузіязму ўдалося выканаць рад падрыхтоўчых работ да пачатку рэстаўрацыі помніка. Здавалася, што лёс ратушы будзе хутка вырашаны: на будынку з’явіліся працоўныя, аб’ект быў абнесены агароджай, зроблены падмурак, пачалі кладку сцен гандлёвых радоў. Аднак у кастрычніку 1993 года работы прыпыніліся. Верагодней усяго па прычыне адсутнасці адпаведных фінансавых сродкаў.

 

 – Але ж зараз мы бачым Ратушу, як вельмі прывабнае збудаванне…

– Ішоў час. Пра Шклоўскую ратушу нібыта забылі. Успомнілі, калі шукалі пляцоўку пад будаўніцтва новай школы –  менавіта тады і ўзнікла думка спалучыць будаўніцтва школы з рэстаўрацыяй будынка ратушы. З улікам аднаўлення  архітэктурнага помніка і быў распрацаваны праект новай установы адукацыі.

Будаўніцтва пачалося ў 1998 годзе. На новабудоўлі гаспадарылі будаўнікі трэста №18 горада Орша. Старшы прараб Анатоль Ліпінскі ўспамінаў, што за 26 гадоў працы на будаўнічых пляцоўках такі складаны аб’ект у яго жыцці першы.

У другой палове мая 1999 года на будынку ратушы была выканана адна з самых адказных аперацый – пад’ём і ўстаноўка на вежу ратушы купала – падобнага даху, на шпіле якога быў размешчаны флюгер. Выява флюгера адлюстроўвае герб Шклова з лічбамі 1762 год. Герб і дата пацвярджае Магдэбургскае права горада і надае яму адпаведны статус.

 

 – Якую ролю ў жыцці горада зараз адыгрывае Ратуша?

– Як і некалі марылася, непасрэдна ў будынку былой ратушы быў створаны і працуе школьны гісторыка-краязнаўчы музей. Статус некалі роднай школы ўзвысіўся да гарадской гімназіі. Ратуша стала прываблівым аб’ектам турызму, дарэчы, абавязкова яе наведваюць ўсе вучні не толькі Шклоўскага, але і суседніх  раёнаў вобласці.  Усё гэта вельмі радуе і цешыць думкі.    Шлях, які прайшоў будынак, ад паўразбуранай “каланчы” да прыгожага архітэктурнага ансамбля, натхняўся самымі рознымі людзьмі. Непасрэдна, або ўскосна, яны рупіліся над адраджэннем гэтага цудоўнага помніка. Многія з іх ужо адыйшлі ў іншы свет. Але галоўнае, што справы не былі дарэмныя А ў нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі захоўваецца найцікавейшы аб’ект, які па-ранейшаму надае годнасць нашаму народу.

 

– І апошняе пытанне. Як на Ваш погляд, ці выкарыстоўваецца галоўны гістарычна-архітэктурны брэнд Шклова ў турыстычным плане на поўную магчымасць?

– Лічу, што ў гэтым накірунку ўладам і грамадскасці неабходна больш працаваць і найцікавейшы помнік будзе прыносіць нашаму гораду дадатковыя дывідэнты як ў турыстычным, так і ў гістарычна-выхаваўчым накірунку. У свой час грамадзянская ініцыятыва “Шклоўскі магістрат”, якая створана ў нашым горадзе, прапанавала наступныя накірункі дадатковага выкарыстання славутага шклоўскага брэнда:

  1. З мэтай вывучэння існуючых напрацовак у выкарыстанні будынкаў былых гарадскіх ратуш стварыць працоўную групу, якая павінна збіраць адпаведныя звесткі як на Беларусі, так і ў суседніх дзяржавах з аднолькавай гістарычнай спадчынай. Набытая інфармацыя павінна перыядычна абмяркоўвацца і найбольш карысныя і цікавыя напрацоўкі выкарыстоўвацца ў Шклове.
  2. Надаць адной з вуліц горада назву “Магдэбургская”.
  3. Злучыць існуючы будынак ратушы з найбольш яскравай гістарычнай спадчынай Шклова – славутым шляхетным вучылішчам Сямёна Зорыча, або, больш дакладна, стварыць на базе існуючай у Шклове гімназіі кадэтскае вучылішча (або філіял). У адукацыйна-выхаваўчым накірунку Шклова і ўвогуле Беларусі Шклоўскае шляхетнае вучылішча, створанае ў 1778 годзе, мае найцікавейшую гістарычную спадчыну.
  4. Прапанаваць турыстычным арганізацыям стварыць адмысловы маршрут у Шклоў з наведваннем будынка ратушы.
  5. У сучасны момант музей гімназіі, які находзіцца непасрэдна ў будынку ратушы, мае абмежаваную даступнасць. Неабходна павысіць статус музея, да філіяла районнага гістарычна-краязнаўчага музея, што паспрыяе да большага наведвання турыстамі будынка ратушы.

Дзякуй вялікі за цікавы расповед.

Браў інтэрв’ю Петр Мігурскі 

В Быховском районе случайно обнаружили лесное кладбище

Лесное кладбище случайно обнаружили краеведы в Быховском районе, информирует ТРК «Могилев». 

Это сакральный и таинственный уголок находится у деревни Веть на самой границе Могилевской и Гомельской областей. На памятнике имена – Никиты Якимцова и его дочери Александры. По мнению краеведов, надгробие — слишком дорогое  и статусное для распологавшегося неподалеку скромного хутора.

У Бялынічах прайшла ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай

У Бялынічах 6 верасня праходзіў не толькі Дзень беларускага пісьменства. У гэты дзень у райцэнтры адбылася не менш важкая падзея – адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай.

Удзел у ўрачыстасці прынялі вернікі з розных куткоў Беларусі, прычым гэта былі не толькі каталікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій. Усяго сабралася больш за дзвесце чалавек.

Адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай адбылася з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага, шматлікіх каталіцкіх святароў.

У якасці гаспадара гасцей сустракаў пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка.

Непасрэдна перад фэстам у Бялынічах прайшло Саракагадзіннае набажэнства, удзел у якім, акрамя бялыніцкіх вернікаў, прынялі духоўныя валанцёры з іншых куткоў Беларусі.

«Бялынічы — гэта старадаўняе месца марыйнага культу, дзе калісьці знаходзілася адна з самых шанаваных цудадзейных ікон на нашай зямлі — абраз Маці Божай Бялыніцкай. Малітва мае вялікую моц, асабліва тут, на гэтым месцы.

Да малітвы за нашу Радзіму, за Паўсюдны Касцёл, за пакліканні да Божай службы і асабліва за адраджэнне веры на нашай зямлі далучым просьбы за нашыя сем’і, моладзь і дзяцей, а таксама падтрымаем сваёй малітваю ўсіх, хто мае залежнасць ад розных дрэнных звычак», — адзначаў ў сваім запрашэнні на ўрачыстасць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Распачалася адпустовая святая Імша у гонар Маці Божай Бялыніцкай а 15-й гадзіне, скончылася а 17-й. Імша праходзіла на вельмі значным для бялыніцкіх вернікаў месцы, дзе ў свой час, на працягу стагоддзяў, былі мясцовыя каталіцкія могілкі. Вернікі спадзяюцца, што мясцовыя ўлады задаволяць іх хадайніцтва, і на гэтым святым месцы ім будзе дазволена збудаваць касцёл.

Казанні святараў гучалі па-сапраўднаму ўзнёсла, яны сапраўды закраналі душу, таму дзве гадзіны імшы праляцелі надзіва хутка.

Аднак і пасля заканчэння набажэнства людзі не разыходзіліся, размаўлялі аб хвалюючых праблемах, задавалі пытанні святарам. Карэспандэнт “Магілёўскага рэгіёну” заўважыў сярод удзельнікаў святочных мерапрыемстваў шэраг знакавых асобаў, – старшыню Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова з сябрамі, кiраунiка Гродзенскай гарадской суполкi Беларускай Хрысцiянскай дэмакратыi / БХД  Яўгена Дудкіна, і, нават, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Па словах Рыгора Кастусёва, ён адмыслова прыехаў на адпустовую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай, каб не толькі ўшанаваць Маці Божую Бялыніцкую, але і такім чынам выказаць сваю падтрымку вернікам. Абсалютна безпадстаўна ўлада не дапускае ў Беларусь Арцыбіскупа, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, кіраўніка каталіцкай царквы ў Беларусі.

“Я сам вернік праваслаўнай канфесіі, аднак заўсёды пры нагодзе наведваю набажэнствы і ў каталіцкіх касцёлах. У свой час давялося спрычыніцца да адраджэння касцёла ў Шклове. Таму ў гэтых складаных абставінах я не мог не выказаць маральную падтрымку каталіцкім вернікам, бо ўсе мы хрысціяне”, – адзначыў Рыгор Кастусёў.

На жаль, на афіцыйным свяце Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, верагодна, прытрымліваліся іншай думкі. Нікога з знаных гасцей гэтага свята на ўрачыстай імшы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай карэспандэнт “Магілёўскага рэгіёну” так і не пабачыў…

Затое на Дне беларускага пісьменства камусьці спатрэбілася раздаваць адмысловыя ўлёткі з абразамі на адрас каталіцкага касцёла. Выяву такой улеткі “МР” даслала наша чытачка.

Таму ніколькі не пашкадаваў аб тым, што вырашыў не наведваць афіцыйнае свята. Там былі патрэбны зусім іншыя людзі.

Іван Барысаў. Фота аўтара