Дысцыпліна і парадак – вось два асноўныя моманты, на якіх была засяроджана ўвага на апаратнай нарадзе, якую правёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бачкоў, паведамляе раённая газета «Кричевская жизнь».
Падчас размовы было адзначана, што надзорныя органы, а іх у раёне нямала, не наладзілі належнай сістэмнай работы па навядзенні санітарнага парадку ў горадзе і сельскіх населеных пунктах, на сельскагаспадарчых аб’ектах.
Прыклад таму – гаражны масіў у мікрараёне Камсамольскі. Пры такіх адносінах да навядзення парадку і непрымяненні адпаведнымі службамі адміністрацыйнай практыкі ён з цягам часу можа ператварыцца ў суцэльную сметніцу.
Землеўпарадкавальная, санітарная, ветэрынарная службы, аддзелы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, штаб па навядзенні парадку… Вось далёка не поўны пералік, хто абавязаны сачыць за парадкам і прымяняць меры ўздзеяння да нядбайных гаспадароў.
На апаратнай нарадзе былі абмеркаваны пытанні сельскай гаспадаркі – ад вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і павышэння яе якасці, кадравага забеспячэння да навядзення і падтрымання належнага парадку на жывёлаводчых аб’ектах, машынных дварах. У цяперашні час, калі завершаны асноўныя сельгасработы, усе сілы павінны быць кінуты на вывазку арганічных угнаенняў – адзін з важнейшых падмуркаў будучага ўраджаю. Упраўленню па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама даручана распрацаваць графік вывазкі арганікі і наладзіць кантроль за яго выкананнем.
З гэтага тыдня распачата абарона суб’ектамі гаспадарання фінансава-эканамічных паказчыкаў на 2020 год. Задача – не проста ўскласці на сябе пэўныя абавязацельствы, а і распрацаваць праграму дзеянняў па іх выкананні.
На апаратнай нарадзе разгледжаны пытанні здачы ў эксплуатацыю малочнатаварных ферм у КСУП “Маляцічы-АГРА” і СВК “Калгас імя Суворава”, падрыхтоўкі і правядзення навагодніх і калядных святаў, аказання турыстычных паслуг і іншыя.
Фота: «Кричевская жизнь»