Галоўная » Рыгор Кастусёў » Page 4

Сойм Партыі БНФ прапанаваў 10 крокаў да нацыянальнага дыялогу

3 кастрычніка ў Мінску прайшло пасяджэнне Сойму Партыі БНФ, на якім былі разгледжаны цэлы шэраг важных пытанняў.

У прыватнасці, на пасяджэнні Сойму была абмеркаваная грамадска-палітычная сітуацыя, якая склалася ў краіне пасля заканчэння выбарчай кампаніі ды разгортвання агульнанацыянальнага пратэсту грамадзян супраць фальсіфікацыі выбараў з наступным гвалтоўным падаўленнем гэтых пратэстаў уладамі.

На Сойме прагучалі прапановы аб першачарговых кроках па пераадоленьню палітычнага крызісу ў нашай краіне, была абмеркавана падрыхтоўка да маючага адбыцца ў хуткім часе ХХ З’езда Партыі БНФ. Сябры Сойма заслухалі справаздачы Управы і соймавых камісіяў, абмеркавалі прапановы па складу наступнага Сойма Партыі БНФ і падрыхтоўку да адзначэння 100 годдзя Слуцкага Збройнага Чыну, прынялі рашэнні па шэрагу арганізайных пытанняў.

Выступае Хрыстафор Жаляпаў

Таксама кіруючы орган партыі БНФ прыняў рэзалюцыю, у якой зацверджаная дарожная мапа першачарговых крокаў дзеля выхаду з крызісу і пачатку агульнанацыянальнага дыялогу (гл. ніжэй).

Нагадаем, што справаздачна-выбарчы ХХ з’езд Партыі БНФ (XVI з’езд Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”) адбудзецца 24 кастрычніка ў Мінску. На ім будуць абраныя сябры кіруючага органу партыі і руху (Сойм), а таксама рэвізійная камісія. З’езд заслухае справаздачу старшыні партыі Рыгора Кастусёва і справаздачу рэвізійнай камісіі, а таксама абярэ таемным галасаваннем на трохгадовы тэрмін старшыню партыі і намеснікаў старшыні (колькасць намеснікаў вызначае з’езд).

Згодна інфармацыі “Магілёўскага рэгіёну”, большасць сябраў Сойму выступаюць за тое, каб старшынёй ПБНФ на другі тэрмін зноў вылучаўся дзеючы кіраўнік партыі Рыгор Кастусёў. Таксама ў кулуарных гутарках у якасці магчымых прэтэндэнтаў называюцца прозвішчы Аляксея Янукевіча і яшчэ двух вядомых сябраў партыі.

Іван Барысаў. Фота аўтара

 

 

Пастанова Сойму Партыі БНФ

Дарожная мапа дзеля выхаду з крызысу: 10 крокаў да нацыянальнага дыялёгу

Цягам апошніх двух месяцаў у Беларусі адбыліся драматычныя падзеі, выкліканыя сутыкненьнем грамадзтва і аўтарытарнай ўлады. Справядлівае абурэньне грамадзян чарговым правядзеньнем выбараў у несумленны і недэмакратычны спосаб улады спрабуюць задушыць шляхам буйнамаштабных рэпрэсіяў. Іх памер і інтэнсіўнасьць, а таксама поўнае ігнараваньне любых норм права дзеля далейшага ўтрыманьня ўлады, фактычна маюць прыкметы неабвешчанага надзвычайнага стану: рэпрэсіўным і карным органам дазволеныя любыя дзеяньні, для іх зьнятыя ўсе прававыя абмежаваньні ў справе ажыцьцяўленьня рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасьці.

У выніку краіна апынулася ў глыбокім палітычным крызысе, які паставіў дзяржаву на мяжу існаваньня. Адбываецца эскаляцыя рэпрэсіяў, зварочваньне сувязяў са зьнешнім сьветам, перадача ў Маскву асноватворных дзяржаўных  функцыяў у галіне абароны ды правапарадку, інфармацыйнай ды зьнешняй палітыкі, а ў пэрспэктыве – і ўнутранай палітыкі (у тым ліку праз аднаўленьне на пардку дня гэтай званых “дарожных мапаў паглыбленай інтэграцыі”, якія прадугледжваюць паступовую здачу сувэрэнітэту Беларусі на карысьць Масквы). Дзеяньні дзяржслужбоўцаў прывялі да ўвядзеньня санкцыяў, якія ставяць нашую краіну ў стан “дзяржавы-ізгоя” на міжнароднай арэне. У сукупнасьці гэткі падрыў сувэрэнітэта пагражае поўным падпарадкаваньнем краіны і пераходу яе ў статус фактычнага пратэктарата Расеі.

Праз гвалтоўныя дзеяньні і шэраг небясьпечных крокаў у галіне ўнутранай і зьнешняй палітыкі цяперашніх уладаў складаецца сытуацыя, якая ёсьць сьмяротна небясьпечнай для самога існаваньня Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы беларускага народа, для саміх падмуркаў беларускай дзяржаўнасьці.

Дэмантаж тых інстытутаў, на якіх грунтуецца беларуская дзяржаўнасьць, недапушчальны. Адказнасьць за захаваньне нацыянальнай дзяржавы палягае на ўсіх беларусах, і асабліва на дзеючых палітыках. Нашчадкі не прабачаць нам, калі мы паставімся безадказна да гэтага сьвятога абавязку і страцім дзяржаву.

Таму цяперашні крызыс патрабуе неадкладных захадаў дзеля дээскаляцыі канфлікту і пераходу да мірнага агульнацыянальнага дыялёгу.

У якасьці першачарговых крокаў, якія б зрабілі такі дыялёг магчымым, Партыя БНФ прапануе наступную пасьлядоўнасьць крокаў, выкладзеных у выглядзе “дарожнай мапы”:

Крок 1. Вызваленьне ўсіх асобаў, якія прызнаныя беларускімі праваабаронцамі як палітычныя вязьні, у тым ліку ўдзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі з ліку сябраў ініцыятыўных групаў і штабоў кандыдатаў.

Крок 2. Спыненьне палітычна матываваных крымінальных справаў, у тым ліку датычна сябраў Каардынацыйнай Рады, якая была створаная на прапанову Сьвятланы Ціханоўскай і чыя дзейнасьць знаходзіцца пад абаронай канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду аб’яднаньняў.

Крок 3. Спыненьне масавых і нематываваных затрыманьняў ды практыкі прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці удзельнікаў мірных масавых акцыяў шляхам наданьня прамога дзеяньня нормам Канстытуцыі пра грамадзянскія правы, у тым ліку права свабоду мірных сходаў.

Крок 4. Фармуляваньне праваахоўнымі органамі і палітычным кіраўніцтвам краіны ясных і недвухсэсоўных гарантыяў бясьпекі на выпадак вяртаньня на тэрыторыю краіны тых беларусаў, якія былі выштурхнутыя з краіны альбо былі вымушаныя хавацца ў замежжы з прычыны апасеньняў за сваё жыцьцё і здароўе.

Крок 5. Спыненне ўсіх форм перасьледу і незаконных абмежаваньняў прафэсійнай дзейнасьці журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі (уключна з неадкладным аднаўленьнем акрэдытацыі журналістаў замежых СМІ і адмовай ад блакіроўкі вэб-сайтаў), спыненьне антынацыянальнай прапаганды ды дыскрэдытацыі пратэстоўцаў і беларускай сімволікі ў дзяржаўных медыях, выдаленьне з іх раней запрошаных расейскіх прапагандыстаў.

Крок 6. Аднаўленьне на працы ў дзяржаўных органах, прадпрыемствах і арганізацыях ўсіх людзей, якія былі звольненыя ў сувязі з іх палітычнымі перакананьнямі альбо на падставе іх удзелу ў мірных акцыях пратэсту.

Крок 7. Стварэньне супольнай парлямэнцка-грамадзкай камісіі з удзелам праваабарончых арганізацыяў дзеля вывучэньня абставінаў прымяненьня гвалту падчас падзеяў жніўня-верасьня 2020 года і з наступнай перадачай назапашаных матэрыялаў у пракуратуру і сьледчыя органы дзеля прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у катаваньнях і забойствах.

Крок 8. Забесьпячэньне доступу экспэртаў ААН да маніторынгу зўмоваў утрыманьня ў месцах няволі і супраца дзяржаўных органаў з ужо прызначанымі структурамі Савета па правах чалавека ААН і АБСЭ дзеля аб’ектыўнага вывучэньня і дакумэнтаваньня падзеяў жніўня-верасьня 2020 года

Крок 9. Правядзеньне з удзелам Палаты прадстаўнікоў ды іншых дзяржаўных органаў ды палітычных партыяў нарады дзеля выпрацоўкі фармату, графіку правядзеньня, кола ўдзельнікаў і магчымых пасярэднікаў, а таксама парадку дня агульнацыянальнага дыялёгу.

Крок 10. Рэформа выбарчага заканадаўства з улікам прапановаў місіяў назіраньня АБСЭ на выбарах 2015-2019 гадоў і прапановаў нацыянальных назіральнікаў кампаніі “Права выбару” з наступным правядзеньнем выбараў усіх узроўняў па новых правілах і з новым складам выбарчых камісій.

Гэтыя крокі дазволяць пераадоліць найбольш значныя негатыўныя наступствы крызысу, спыянць раскол грамадзтва і прыпыняць спаўзаньне краіны ў бездань, дадуць магчымасьць распачаць сапраўдны агульнацыянальны дыялёг, а не яго імітацыю.

Толькі сапраўдны агульнанцыянальны дыялёг ў атмасфэры, вольнай ад гвалту і прымусу,  можа стаць пляцоўкай для абмеркаваньня зьместу і фармату правядзеньня будучай канстытуцыйнай рэформы, пра неабходнасьць якой кажуць усе бакі палітычнага канфлікту і правядзеньне якой можа быць распачатае толькі пасьля рэформы выбарчага заканадаўства.

Толькі беларускі народ мае права вырашальнага голаса ў гэтым пытаньні.

Партыя БНФ заклікае ўсе палітычныя сілы і дзяржаўныя органы адчуць супольную адказнасьць за лёс нацыі і дзяржавы, праявіць грамадзянскую сьпеласьць і неадкладна распачаць рэалізацыю пазначанай пасьлядоўнасьці крокаў дзеля найхутчэйшай стабілізацыі абстаноўкі ў краіне. У адваротным выпадку краіну ў хуткім часе чакае новы віток эканамічнага крызыса, які можа супасьць з “другой хваляй” пандэміі COVID19, што можа пагражаць каляпсам дзяржаўнай сыстэмы Рэспублікі Беларусь.

Зацьверджаная пастановай Сойму Партыі БНФ 3 кастрычніка 2020 году.

 

Рыгор Кастусёў: Аб прадукцыі інфармацыйных кухань дзяржаўных СМІ

Журналістыка лічыцца адной са старажытнейшых прафесій у свеце, якая ва ўсе часы будзе заставацца адной з самых неабходных. Бо пры недахопе інфармацыі, без якаснай працы журналістаў любы грамадзянін пачуваецца як пры недахопе паветра. Журналістаў яшчэ нярэдка называюць паварамі на кухне інфармацыі.

Але, калі гаворка заходзіць аб беларускай журналістыцы дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, то тут на працягу болей двух дзесяткаў гадоў прагледжваецца яўнае спаборніцтва з прадстаўніцамі іншай старажытнай прафесіі. А ад той ежы, што рыхтуюць журналісты дзяржаўных СМІ на кухне інфармацыі, нярэдка, проста ванітуе. У тым ліку, калі гаворка заходзіць пра сапраўдную ежу – аб вытворчасці сыравіны і прадукцыі харчавання ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах краіны.

Напрыклад, згодна інфармацыі БЕЛТА, у 2020 годзе аграпрамысловы комплекс краіны намалаціў 7,83 млн. тон зерня, што амаль супадае з устаноўкай з верху напярэдадні ўборачнай кампаніі – намалаціць не меней 7,8 млн.

Аграрыі Магілёўшчыны, згодна гэтай жа інфармацыі беларускага тэлеграфнага агенства, у бягучым годзе намалацілі больш 1 млн. тон зерня.

І асабліва “радуе” чытача прагнозная інфармацыя Белта аб ураджаі бульбы ў бягучым годзе. Згодна Белта, лідарамі па ўраджайнасці з’яўляюцца Віцебская і Магілёўская вобласці, дзе з аднаго гектара збіраюць 344 ц. і 455,4 ц. з гектара адпаведна.

У савецкія часы за такую ўраджайнасць бульбы працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў даваліся дзяржаўныя ўзнагароды. Ды і для сучаснай Беларусі 455 ц/га па вобласці – гэта найвялікшы поспех, ці, нават, рэкорд.

Бо ў самы паспяховы год для ўраджайнасці бульбы – 2018 год, толькі адно сельгаспрадпрыемства Магілёўскай вобласці – фермерская гаспадарка “Дзіана” Шклоўскага раёна, – дасягнула ўраджайнасці 430 ц/га, сабраўшы 40% абласнога аб’ёма вытворчасці.

Але ж на Магілёўшчыне ёсць і іншыя сельгаспрадпрыемствы, якія займаюцца вырошчваннем бульбы. Як, да прыкладу, ААТ “Новая Друць” Бялыніцкага раёна – адзінае прадпрыемства вобласці, якое мае крухмальны завод для перапрацоўкі бульбы.

Яшчэ ў ліпені 2020 года ў “Магілёўскіх ведамасцях” быў размешчаны артыкул журналіста гэтага выдання В.Кубекі, дзе ён праз інтэрв’ю дырэктара гаспадаркі В.Закардонскага ў самых “вясёлкавых” танах маляваў самыя аптымістычныя карціны развіцця “Новай Друці”.

Тады дырэктар гаспадаркі запэўніваў, што з агульнага бульбянога кліна ў 375 гектараў чакаецца вельмі добры ўраджай, а журналіст ну прама не мог адвесці вачэй ад 160-гектарнага поля, якое, па яго меркаванні, заслугоўвала пэндзаля мастака.

Не прадбачылася тады, са словаў дырэктара, і праблемаў з уборкай і перапрацоўкай ураджая на крухмальным заводзе.

Прайшло два месяцы, і можна падводзіць вынікі аб праўдзівасці дырэктарскіх словаў, аб з’ядобнасці прадукцыі журналісцкай кухні “Магілёўскіх ведамасцяў”.

Нажаль, ежа, падрыхтаваная В.Кубекам на журналісцкай кухні “Магілёўскіх ведамасцяў”, зноўку, як і раней, аказалася з душком.

У той час, як некаторыя гаспадаркі вобласці ўжо падышлі да завяршэння ўборкі бульбы, у “Новай Друці” да гэтай пары яшчэ не выкапанымі застаюцца больш 70% бульбяных палеткаў. Ды і ўраджайнасцю гаспадарка не можа пахваліцца.

Усе аптымістычныя прагнозы па ўраджайнасці бульбы, наяўнасці тэхнікі для яе ўборкі і перапрацоўкі, засталіся пустым пшыкам.

Сведчаннем гэтаму з’яўляецца пустая пляцоўка для пераборкі бульбы побач з крухмальным заводам і прастойваючы да гэтай пары крухмальны завод па яе перапрацоўцы.

Мабыць, сёлета крухмальны завод спрацуе яшчэ горш, чым у мінулым годзе, калі было выраблена толькі некалькі тон крухмалу, альбо, верагодна, зусім не будзе запушчаны, бо перапрацоўваць-то няма чаго.

Так прастаіць цэлы завод, як прастойвае ўжо каторы год размешчаны побач з ім цэх па разліву мінеральнай вады.

Аб поўнай безгаспадарчасці ў сельгаспрадпрыемстве сведчыць стан і іншых аб’ектаў. Як, напрыклад, застаўся без дагляду шматгектарны сад, які сёлета будзе амаль без ураджаю яблык з-за памылкі ў апрацоўцы ядахімікатамі ў час цвіцення.

Аб фактах безгаспадарчасці ў “Новай Друці” можна распавядаць вельмі шмат, пабываўшы ў любым месцы гаспадаркі. І самае прыкрае, што ў гэтым плане “Новая Друць” на Магілёўшчыне не адзіная. Такіх гаспадарак у Магілёўскай вобласці дзесяткі.

Гэта агульнадзяржаўная праблема. Бо ў краіне адбываецца падбор кіруючых кадраў толькі па прынцыпу адданасці існуючаму правячаму рэжыму, а не па прафесіяналізму. У Беларусі за апошнія два дзесяткі гадоў цалкам выкаранена ў сялян адчуванне гаспадара на той зямлі, дзе ён жыве і працуе.

І гэта ўсё робіцца пры дапамозе і падтрымцы такіх вось журналістаў, якія ўжо не адчуваюць той смярдзючы пах, што стаіць на іх інфармацыйных кухнях.

Рыгор Кастусёў

Да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах (Лыжка дзёгцю ў бочку мёду ад бялыніцкага чынавенства)

Да тэмы падрыхтоўкі горада Бялынічы да Дня беларускага пісьменства “Магілёўскі рэгіён” звяртаўся на працягу апошняга года шмат разоў. Разнастайнасць тэматыкі публікацый вызывае вялікі інтарэс чытачоў, асабліва жыхароў Бялыніччыны, выхадцаў з гэтых мясцінаў. Мясцовыя ўлады вымушаны былі рэагаваць на публікацыі, каб выправіць шматлікія недахопы ў планаванні падрыхтоўкі горада.

Да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах застаецца роўна адзін месяц.

Рыхтуючыся да Сьвята, горад, можна сказаць, ператварыўся ў адзіную будаўнічую пляцоўку.

Будоўля нагадвае вялічэзны мурашнік, дзе, як можа падацца, вельмі зашмат хаатычнасці і неарганізаванасці. Але, прыгледзеўшыся, мы бачым, што кожны працаўнік робіць вызначаную яму справу, якая ў агульнай капілцы складваецца ў рэалізацыю задуманных планаў па падрыхтоўцы горада да Свята. І можна з упэўненасцю сказаць, што будаўнікі і камунальныя службы справяцца з пастаўленай перад  імі задачай.

Ужо амаль гатовы для ўвода ў эксплуатацыю Мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі. Заканчваюцца работы па добраўпарадкаванні цэнтральнай вуліцы горада.

Нават, помнік Леніна прыбраны з цэнтральнай плошчы каля будынка райвыканкама і перанесены ў менш значнае месца.

Але, як ужо было і раней, не могуць бялыніцкія чыноўнікі да канца ўцяміць, што яны рыхтуюць горад менавіта да Вялікага Беларускага Свята – Дня беларускага пісьменства.

Як не могуць уцяміць да гэтай пары, што Рэспубліка Беларусь – гэта незалежная дзяржава са сваёй сталіцай – г. Мінскам, і больш не падпарадкоўваецца Маскве.

Бо якім чынам можна ацаніць аздабленне новага прыгожага павільёна Белсаюздруку, размешчанага каля Раённага цэнтра культуры, на рускай мове ?

Сярод усяго іншага хараства, што робяць будаўнікі, камунальныя службы па падрыхтоўцы горада, такое аздабленне павільёна выглядае як “лыжка дзёгцю ў бочцы мёда”.

Складваецца ўражанне, што бялыніцкія чыноўнікі, седзячы ў сваіх кабінетах райвыканкама, не бываюць на суседніх вуліцах горад, дзе размешчаны іншыя шапікі гэтай установы.

Да Свята застаецца роўна адзін месяц. Часу для выпраўлення хібаў яшчэ дастаткова. Таму, наперад, за працу. Адарвіцеся, нарэшце, ад сваіх мягкіх крэслаў у кабінетах.

І можаце не спадзявацца. Беларусь і пасля 9-га жніўня 2020 года застанецца незалежнай краінай.

Рыгор Кастусёў

 

“Новая Друць”: Дзе праўда, а дзе хлусня? (Фота)

Усё ўзрастаючыя з кожным годам негатыўныя працэсы ў эканоміцы Беларусі, асабліва ў сельскай гаспадарцы, беларускія ўлады імкнуцца зарэтушыраваць самымі рознымі спосабамі. Найбольш шырока для гэтага выкарыстоўваюцца разнастайныя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Лідэрства сярод рэгіёнаў краіны, ў гэтым плане, трымае Магілёўшчына.

Асаблівае гучанне аб чарговых “поспехах” у сельскай гаспадарцы набыла інфармацыя яшчэ ў звязку з Купальскімі мерапрыемствамі 11-12 ліпеня 2020 г. у Александрыі на Шклоўшчыне, дзе мясцовыя чыноўнікі ўганаравалі найлепшыя сельгаспрадпрыемствы і перадавікоў сяла Магілёўскай вобласці.

Але найбольшы выхлап, чамусці, атрымалі рэпартажы абласнога тэлебачання і публікацыі на старонках абласных СМІ аб “поспехах” буйнейшага ў вобласці ААТ “Новая Друць”, Бялыніцкага раёна.

“Магілёўскі рэгіён”, іншыя недзяржаўныя СМІ ўжо звярталі раней увагу на негатыўныя працэсы, што адбываюцца ў буйнейшай гаспадарцы вобласці, аб’яднаўшай шэсць былых гаспадарак Бялыніччыны і займаючай каля паловы тэрыторыі раёна.

Гэта была інфармацыя аб прастойваючых вытворчых аб’ектах гаспадаркі, аб незасееных палях, аб нізкіх надоях малака ад каровы ( на ўзроўні добрай казы), аб іншым негатыве, што адбываецца ў сельгаспрадпрыемстве, у першую чаргу, па прычыне нездавальняючага падбору кіруючых кадраў як ААТ “Новая Друць”, так і Бялыніцкага раёна.

І раптам, зараз,  у сярэдзіне лета 2020 г. журналісты дзяржаўных СМІ разам з дырэктарам гаспадаркі спрабуюць распавядаць чытачам і гледачам аб поспехах прадпрыемства ў надоях малака, аб добрых перспектывах на ураджай зернявых культур, бульбы, кукурузы на корм жывёле.

Складваецца ўражанне, што гэтыя гора-журналісты, рыхтуючы свае матэрыяла аб гаспадарцы, нават не ўдасужыліся пабываць там.

А калі б пабылі, то пабачылі б і прастойваючыя вытворчыя аб’екты (цэх па разліву вады, жывелагадоўчы комплекс БРЖ у в. Падзевічы і інш.), і незасееныя палі, і палі з адсутнасцю перспектывы на добры ўраджай кукурузы, і іншы негатыў.

Журналістам дзяржаўных СМІ не патрэбна будзе ехаць далёка ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі – аграгарадка Цяхцін, каб пабачыць увачавідкі шматлікія факты безгасападарчасці.

Роўна год таму назад “Магілёўскі рэгіён” распавядаў аб безгаспадарчасці, аб незасееных палях, аб забруджванні гноем тэрыторый побач з фальваркам Крынкі ў ваколіцах Цяхціна.

У гэтых мясцінах у 1872 годзе нарадзіўся і правеў сваё дзяцінства наш знакаміты зямляк, народны мастак Беларусі, народны мастак Расіі, ганаровы акадэмік Акадэміі навук БССР, член Акадэміі навук СССР Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля.

За год пасля публікацыі матэрыяла аб безгаспадарчасці на палях ААТ “Новая Друць” побач з фальваркам Крынкі сітуацыя не змянілася да лепшага, а стала яшчэ больш горшай. Поле, куды некалькі год з фермы в.Цяхцін вывозіцца гноевая жыжа, так і засталося не засееным і зарасло бур’янам у рост чалавека. А ўгнаенні ў час дажджу, як і раней працягваюць сцякаць у ручай, які ўпадае ў раку Друць, чаго не жадаюць заўважаць  мясцовыя эколагі.  Нават дайшло да таго, што гной пачалі выгружаць прама ў ручаіну.

Кіраўніцтва гаспадаркі, мясцовая выканаўчая ўлада не задумваюцца, што гэтыя мясціны будуць з’яўляцца адным з аб’ектаў для наведванняў гасьцямі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў у звязку з правядзеннем на пачатку верасня 2020 г. у Бялынічах Дня беларускага пісьменства.

Вось тады госці пабачуць сапраўдны стан гаспадаркі, чакаемы ўраджай кукурузы на корм жывёлы, нарыхтоўку кармоў для жывёлы на стойлавы перыяд, а не фантазіі журналістаў некаторых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Рыгор Кастусёў

 

Пад выбары можна абяцаць усё. А вынік?

З пункту гледжання правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, распараджэнне А.Лукашэнкі ад 1-га ліпеня 2020 года па … чытаць далей

Рыгор Кастусёў: А што будзе, калі выйдзе са строю сістэма каналізацыйнай гаспадаркі?

Нарэшце, пасля доўгіх пакутаў з забяспячэннем пітной вадой, для жыхароў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў г.Мінска … чытаць далей