Нет ни дня, чтобы в могилевских судах не проходили политические процессы над недовольными нынешней властью. За то, что люди без разрешения местных чиновников смеют заявить о своем мнении во время мирного собрания они подвергаются административному преследованию.
О трех подобных судах пойдет речь в очередном выпуске передачи “Судовы канвеер”, которую ведет журналист Владимир Лапцевич. Также вы узнаете о пожизненном заключении для двух обвиняемых в двойном убийстве в Осиповичах и попытке взыскать более 62 тыс. рублей с бывшего начальника отдела образования Октябрьского района Могилева.
Білі па галаве, рэбрах, ягадзіцах. Прымушалі спяваць дзяржаўны гімн. 37-гадовы Сяргей Каранкевіч быў жорстка затрыманы, калі хацеў сфатаграфаваць аўтобус, які возіць амапаўцаў. Пабачыўшы што нарабілі, міліцыянты самі адвезлі мужчыну ў лякарню.
«Табе перамены патрэбныя? Зараз мы пакажам»
Мы сустрэліся з Сяргеем Каранкевічам праз дзень пасля таго, як ён выйшаў з лякарні, дзе прабыў больш за тыдзень. Трымаецца мужчына бадзёра, хоць зазначае, што ягоны стан пакуль далёкі ад нормы – дагэтуль часта баліць галава і адчуваецца млоснасць.
Затрымалі Сяргея 14 верасня. У той дзень мужчына ехаў па горадзе на сваім ровары і планаваў паабедаць у сталовай аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Знаходзіцца сталовая недалёка ад УУС Бабруйскага гарвыканкаму. Калі Сяргей праязджаў там, то пабачыў аўтобус сіняга колеру, на якім цягам апошніх тыдняў у Бабруйску ездзяць амапаўцы і куды кідаюць затрыманых. Мужчына вырашыў сфатаграфаваць бус. Спыніўся, паставіў ровар, дастаў тэлефон. І ў гэты момант заўважыў, як з бочнага ўваходу ў будынак УУС выбягаюць каля дзесяці чалавек у форме аліўкавага колеру і масках і бягуць да яго. Ад разгубленасці Сяргей не паспеў збегчы ці з’ехаць.
«Мяне ўзялі ў кальцо, схапілі за рукі і ногі, зацягнулі іх пластыкавай сцяжкай, і ў літаральным сэнсе панеслі ў будынак міліцыі, а за мной – мой ровар, – распавядае Сяргей. – Ніхто не прадстаўляўся, нічога мне не тлумачыў, ніякіх апазнавальных знакаў на іх не было. Мяне занеслі ў тыя ж дзверы, адкуль яны і выбеглі. Там у маленькім памяшканні прыкладна два на два метры мяне кінулі на падлогу і пачалі збіваць».
Паводле мужчыны, білі яго доўга. Колькасць удараў ён не лічыў – іх было вельмі шмат. Хто біў і чым, і колькі было чалавек, не бачыў, бо не дазвалялі ўзняць галаву – як толькі ён спрабаваў гэта зрабіць, адразу атрымліваў удар у лоб ці скроні.
«Я ляжаў на левым баку каля сцяны, таму мацней пацярпеў у мяне правы бок – туды прыйшлася большасць удараў, – распавядае далей Сяргей. – Пакуль білі, пыталіся: «Табе перамены патрэбныя? Зараз мы пакажам». Найбольш білі па галаве. Задалі пытанне – удар, нешта яшчэ сказалі – удар. І так шмат разоў. Моцна лаяліся. Потым адзін з іх прымушаў мяне пець гімн Беларусі. Я тэкст не вельмі ведаю, дык ён казаў словы, а я паўтараў, так мы разам спелі. Потым папрасілі пароль ад тэлефону. Я не сказаў і атрымаў пару ўдараў. Таму вырашыў усё ж сказаць. У мяне ў тэлефоне яны знайшлі фотаздымкі машын, прыпаркаваных з парушэннямі. Яны ж самі мне сказалі, што гэта машыны супрацоўнікаў, і зноў білі за гэтыя здымкі».
Тыя ж людзі, што збівалі, паводле Сяргея, зламалі яму ровар.
«Я чуў, як яны топчуць катафоты, як прабіваюць і спускаюць кола. Велакампутар прабіты нібыта адвёрткай. Чым ім не спадабаўся ровар, я не ведаю. Магчыма, гэта з-за бел-чырвона-белых флікераў, што я на яго павесіў», – кажа Сяргей.
«Вас расстраляць трэба»
Сяргей узгадвае, што праляжаў на падлозе ў будынку ЎУС гадзіны тры. Крычаў «дапамажыце», але ніхто не рэагаваў. Праз даволі доўгі час прыйшлі супрацоўнікі ў цывільным, паднялі яго, вывелі на вуліцу, загадалі прычапіць ровар каля галоўнага ўваходу і зноў павялі ўнутр. Далі схадзіць у прыбіральню, умыцца, і адвялі ў актавую залю.
«Там людзі ў цывільным запаўнялі нейкія паперы, давалі мне іх падпісваць. Я так зразумеў, што гэта спіс маіх рэчаў. Але цалкам я не мог разабраць, бо ў мяне балела галава, апухла вока пасля збіцця, – узгадвае Сяргей. – Я спрабаваў задаваць пытанні, размаўляць. Пасля таго, што пачуў у адказ, мне стала здавацца, што яны ў не зусім цвярозым і адэкватным стане, бо ў іх адна тэма была: колькі табе заплацілі? А адзін увогуле казаў: вас расстраляць трэба. Я запытаўся – вы сапраўды гатовыя забіваць мірных, бяззбройных людзей? Ён адказваў, што так – нас трэба забіваць. Уявіце сабе, гэтыя словы я чуў у будынку міліцыі. І ніхто з іншых прысутных ніяк не рэагаваў».
Сяргей скардзіўся на боль у жываце і галаве. Мужчына мяркуе, што сапраўды дрэнна выглядаў, бо яго самі ж міліцыянты адвезлі ў лякарню. Там дактары пасля агляду вырашылі шпіталізаваць мужчыну.
«Я адразу схлусіў дактарам, што ўпаў з ровара. Баяўся сказаць, што мяне збілі, бо не ведаў, ці пакінуць мяне ў лякарні, а калі не, то што са мной зробяць тыя супрацоўнікі, што стаялі са мной побач у той момант, – распавядае Сяргей пра лякарню. – У працэсе аналізаў, рэнтгену дактары пачалі мне задаваць пытанні. Яны зразумелі, што насамрэч адбылося. Я тады распавёў праўду. Дактары спачувалі мне, і я вельмі ўдзячны, што яны пакінулі мяне ў лякарні, бо інакш не ведаю, што б са мной было».
Сяргея паклалі ў хірургічнае аддзяленне. У той жа дзень да яго прыехаў участковы, які патлумачыў мужчыне, што яго затрымалі за ўдзел у незаконным шэсці 6 верасня.
«Але гэта было мірнае шэсце. Там былі звычайныя людзі, дзеці з балонікамі. Так, я там быў. У цвярозым стане, нічога не разбіваў, нікому не перашкаджаў. Ішоў, камунікаваў з людзьмі. Дык што я парушыў? За гэта трэба было біць?» – пытаецца бабруйчанін.
У лякарні Сяргей прабыў з панядзелка 14 верасня да аўторка 22 верасня.
«Мне ставілі кропельніцы, рабілі нейкія ўколы. Калі перасталі калоць, я пачаў адчуваць, як у мяне баляць рэбры, ягадзіцы, ногі. Найбольш балела галава. Нават сёння я адчуваю боль у скронях і млоснасць», – кажа Сяргей.
Пакуль наш суразмоўца быў у лякарні, ягоная маці Таццяна Каранкевіч напісала заяву за збіццё сына ў Следчы камітэт. Цяпер ідзе праверка.
Пасля выпіскі з лякарні Сяргей атрымаў позву ў суд на 28 верасня па двух артыкулах: ч.3 23.34 – паўторнае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, і 23.4 – непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы.
«Я не разумею, адкуль гэты артыкул – 23.4. Як я мог супраціўляцца, калі да мяне падбяжалі, схапілі адразу за рукі, я не мог нават паварушыцца», – здзіўляецца Сяргей.
«Яны жывуць побач з намі – адкуль у іх столькі жорсткасці?»
Сяргея Каранкевіча ўжо затрымлівалі раней – ён трапіў у адзін з першых «хапуноў» 10 жніўня. Тады, паводле мужчыны, ён ехаў на ровары каля будынку гарвыканкаму, і яго схапілі «людзі ў чорнай форме і касках, затаўкалі ў аўтазак разам з роварам». Ноч і ўвесь наступны дзень Сяргей правёў у Бабруйскім СІЗА.
«За ўвесь той час мяне толькі адзін раз пакармілі – прынеслі дзве лыжкі кашы на міску. Нават вады не далі», – узгадвае Сяргей.
Судзілі адразу ў СІЗА, далі содні арышту і адпусцілі.
«Да выбараў я не вельмі цікавіўся палітыкай, – кажа Сяргей. – А потым я пабачыў, як збіваюць людзей ні за што. Я не магу ў гэтай сітуацыі проста сядзець дома і глядзець. Таму я выходзіў на мітынгі. І хачу падкрэсліць, што яны былі мірнымі. Інакш бы я не пайшоў. Бо я супраць гвалту і за тое, каб усё адбывалася ў рамках закону».
Сяргей шакаваны гвалтам з боку сілавікоў.
«Адкуль столькі агрэсіі і жорсткасці ў супрацоўнікаў міліцыі? Яны ж з нашага гораду, побач жывуць – адкуль гэта ўсё?», – пытаецца мужчына.
Дзвюхгадзінная забастоўка ў знак салідарнасці з затрыманым
Спакойна дачакацца суду 28 верасня Сяргею Каранкевічу не далі. На наступны дзень пасля нашай сустрэчы, 25 верасня, ягоная маці Таццяна Каранкевіч паведаміла нам, што раніцай мужчыну забралі з працы невядомыя супрацоўнікі міліцыі. Сяргей паспеў паведаміць пра гэта, пасля чаго нумар стаў недасяжным. Цягам дня жанчына шукала сына, але ёй, роднай маці, не давалі ніякай інфармацыі – ні ў дзяжурнай частцы міліцыі, ні ў судзе, ні ў ізалятары часовага ўтрымання. Паўсюль казалі, што такога чалавека ў іх няма. Мы суправаджалі Таццяну падчас пошукаў.
Амаль у адчаі ўвечары жанчына зноў пайшла ў Следчы камітэт, але там прымаць заяву ў яе адмовіліся. Са слязамі ў вачах жанчына стаяла на ганку і пыталася ў дзяжурнага, што ёй рабіць далей. Тады нарэшце ёй патэлефанаваў сам Сяргей і сказаў, што супрацоўнікі міліцыі вязуць яго назад на працу.
Сяргей працуе на «Белшыне» кіроўцам. Разам са спадарыняй Таццянай мы паехалі туды, і пабачылі, як мужчыну прывезла «Газэль» белага колеру і адразу з’ехала.
Сяргей распавёў, што раніцай яго тэрмінова выклікаў на прахадную начальнік, дзе ўжо чакалі некалькі чалавек у цывільным і масках. Не прадстаўляліся, нічога не тлумачылі, схапілі і павялі ў гэтую самую «Газэль».
«І пачалі катаць па горадзе, – кажа Сяргей. – Спачатку прывезлі ў УУС. Павадзілі па паверхах. Агледзелі рэчы. Больш за гадзіну я там проста сядзеў. Потым павезлі ў ІЧУ. Там пасядзеў некалькі гадзін у бусе. Потым мне змерылі тэмпературу – тэрмометр паказаў 37,8. Мяне павезлі ў паліклініку. Там узялі аналізы, напісалі ВРВІ. Зноў павезлі ў ізалятар, але там сказалі, што з такім дыягназам да сябе не возьмуць. Тады мяне вярнулі на месца працы і адпусцілі. Што гэта было – не магу зразумець. Мне ніхто не патлумачыў, навошта мяне забіралі і каталі па горадзе. Ніякіх пратаколаў не складалі. Супрацоўнікі, якія мяне суправаджалі, казалі, што яны нічога не ведаюць – куды ім сказалі ехаць, туды яны і паехалі».
Мужчыне не далі ніякіх дакументаў, што яго затрымлівала міліцыя, і ён не ведае, што цяпер будзе з працай – начальнік папярэджваў Сяргея, што ён будзе звольнены ў выпадку яшчэ аднаго затрымання.
Адначасова калегі вырашылі падтрымаць Сяргея, і калі яго забралі раніцай 25 верасня, спынілі працу. Цэх стаяў каля дзвюх гадзін, пакуль не ўмяшаўся генеральны дырэктар.
Суд над Сяргеем Каранкевічам мусіць адбыцца ў панядзелак, 28 верасня.
25 верасня ў Магілёве адбыўся суд над маладым чалавекам, які на відэа УУС Магілёўскага аблвыканкаму кажа, што за ўдзел у акцыях пратэсту яму прапанавалі грошы.
Суддзя Ленінскага суду Аксана Ратнікава прысудзіла Паўлу (гэта сапраўднае імя, а прозвішча ёсць у рэдакцыі. – Belsat.eu) 14 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 23 верасня.
Гэта самы суворы прысуд магілёўскіх судоў за сёння – астатнім грамадзянам, якіх судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту – давалі ад 10 базавых штрафу да 7 содняў арышту.
Гісторыя Паўласамаянезвычайная. 24 верасня на youtube-канале УУС Магілёўскага аблвыканкаму з’явілася відэа пад назвай «Магілёўцу абяцалі 55 рублёў за ўдзел у пратэстным маршы». Твар маладога чалавека на відэа схаваны, але на судовым паседжанні супалі ўсе акалічнасці справы. Знаёмыя Паўла таксама пацвердзілі, што пазнаюць яго на відэа.
На відэа УУС Магілёўскага аблвыканкаму паказалі калону пратэстоўцаў, якая сабралася ў Магілёве вечарам 23 верасня. У калоне ідзе малады чалавек у цёмнай вопратцы, з маскай на твары, з-за спіны тарчыць нейкі кій. Пасля паказваюць нажы на целе чалавека, галавы не бачна. Трэці план – гэта малады чалавек у чорнай вопратцы са схаваным тварам сядзіць у кабінеце і дае тлумачэнні.
«Мне прапанавалі паўдзельнічаць за грошы…у тэлеграм-канале са мной звязаліся…прапанавалі 55 рублёў за тое, каб прайсці ў шэсці пад здымкі» – кажа малады чалавек.
З сабой у хлопца былі кій, маска і 2 нажы
Як распавядаюць знаёмыя Паўла, яго затрымалі вечарам 23 верасня ўжо пасля акцыі пратэсту. Ён ехаў разам з імі ў аўтобусе, але вырашыў выйсці на прыпынак раней, чым астатнія. Павел вярнуўся ў цэнтр гораду за сваім роварам, дзе яго і затрымалі.
Іншыя затрыманыя ў Магілёве вечарам 23 верасня паведамілі, што Паўла ў РАУСе трымалі асобна ад іх. Але аформілі яго і судзілі паводле ч.1. арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Падчас разгляду справы Павел сваю віну цалкам прызнаў. Паколькі судзілі Паўла праз скайп, а сувязь увесь час знікала, а ў цэлым гук быў не самы лепшы, чуваць яго тлумачэнні было кепска. Таму мы прыводзім толькі тое, што ўдалося дакладна пачуць.
«Я далучыўся да натоўпу людзей, але сам ніякай сімволікі не меў, лозунгі не выкрыкваў, ніякіх плакатаў не рабіў і пры сабе не меў», – сказаў Павел на судзе.
У той жа час ён патлумачыў, што не толькі ішоў у калоне, а яшчэ ехаў на ровары і рабіў фота ўдзельнікаў маршу.
Наконт грошай Павел распавёў наступнае:
«Мне было ў цэлым цікава, як праходзяць такія акцыі. А яшчэ мне прапанавалі грашовую ўзнагароду за ўдзел».
У прынцыпе Павел паўтарыў усё што, што гучала ў відэа на канале УУС Магілёўскага аблвыканкаму. Наконт нажоў Павел патлумачыў, што той, хто прапанаваў грошы, сказаў яму ўзяць з сабой усе гэтыя рэчы: 2 нажы і прадмет, падобны на дубіну. Гэтыя рэчы супраць людзей Павел выкарыстоўваць не планаваў, ён проста павінен быў мець іх з сабой. Пра нажы Павел патлумачыў, што адзін яму неабходны для рамонту ровара і ён яго носіць з сабой кожны дзень, а тлумачэнні пра другі нож не атрымалася пачуць.
Суддзя паказала Паўлу відэа з мітынгу, на якім Павел пазнаў сябе. Малады чалавек пацікавіўся, ці дадуць яму нейкія паперы, якія пацвердзяць ягонае затрыманне – яны неабходныя для ўстановы адукацыі, паколькі Павел студэнт. Суддзя абяцала, што такія паперы ў хлопца будуць.
Напрыканцы суддзя Аксана Ратнікава агучыла вырак – 14 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
На судзе прысутнічаў айчым Паўла. Ён сказаў, што разгублены такім тлумачэннем пасынка, не чакаў такога тлумачэння ад яго. Са словаў айчыма Павел вельмі добра вучыцца, жыве з бабуляй, цікавіцца анімэ і калекцыянуе нажы. Пра праблемы з грашыма ў Паўла ён не чуў.