Галоўная » суд » Page 50

Жыхара Магілёва судзяць за ўдзел у акцыі, на якой ён не прысутнічаў

«Я быў дома з сям’ёй і сябрам, а мяне судзяць, як удзельніка сустрэчы аўтадому «Краіны для жыцця», – абураецца жыхар Магілёва Ігар Шчамялёў.

Увесь вечар 5 траўня Ігар Шчамялёў правёў дома ў другім раёне гораду – цвердзіць мужчына, таму на сустрэчы з блогерамі на Віцебскім праспекце – не прысутнічаў. На Ігара Шчамялёва склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння паводле артыкулу 23.34 КаАП, за які прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу ці содняў.

«Я жыву на вуліцы 30 год Перамогі. Пра тое, што ў Магілёве 5 траўня адбыўся інцыдэнт на праспекце Віцебскім, даведаўся позна ўвечары з інтэрнэту. Першы раз міліцыянты прыйшлі да мяне 7 траўня, забралі ў РАУС на размову, пратрымалі там 2 гадзіны і адпусцілі са словамі «Мы выбачаемся, прынялі вас за парушальніка».

Ігар Шчамялёў у судзе

На наступны дзень 8 траўня прыйшлі ўжо іншыя супрацоўнікі РАУС і забралі мяне зноўку. Я паехаў на сваёй машыне, бо быў упэўнены, што гэта памылка. Але там мяне адразу пачалі пакаваць на суткі.

«Даставай шнуркі і паехалі. Патлумачыць сваю пазіцыю мне нават не далі», – кажа Ігар Шчамялёў.

Трое содняў Ігар правёў у ІВС, а 11 траўня яго прывезлі ў суд Кастрычніцкага раёну Магілёва. У якасці сведкі Ігар запрасіў свайго сябра, які 5 траўня быў у яго ў гасцях. Пасля сведчанняў сябра суддзя Жанна Пушкіна адклала разгляд справы да 14 траўня.

«Яшчэ было дзіўна, што адразу пасля той акцыі мне пачалі пісаць у тэлеграм невядомыя людзі. Яны запытваліся, ці быў я на той сустрэчы, ці не, дасылалі мне фотаздымкі адтуль. Я адказваў агульнымі фразамі, бо адразу зразумеў, што гэта нейкія правакатары», – узгадвае Ігар.

У судзе Ігар спрабаваў даказаць сведкам, што яны памыліліся

14 траўня свае сведчанні на судзе супраць Ігара Шчамялёва далі тры міліцыянты. Супрацоўнік ДАІ Артур Цярэшчанка выступаў у якасці сведкі амаль на ўсіх судах над удзельнікамі сустрэчы аўтадому 5 траўня на Віцебскім праспекце. Не стаў выключэннем і Ігар Шчамялёў, яго інспектар ДАІ нібыта апазнаў у натоўпе і нават запомніў, у чым ён быў апрануты. Хаця бацька Ігара Міхась Шчамялёў заявіў, што гэты сведка, як толькі з’явіўся ў судзе, паказаў на Ігара і спытаў у сваіх калег, ці «гэта ён ці не».

І тым не менш, на судзе Артур Цярэшчанка сказаў упэўненае «так», пацвердзіўшы прысутнасць Ігара Шчамялёва на акцыі. Тая ж самая сітуацыя паўтарылася і з двума другімі сведкамі з боку міліцыі. На пытанне Ігара, ці дапускаеце, што вы маглі памыліцца, усе яны адказалі адмоўна.

На судзе паказалі відэа з акцыі, на якім Ігара Шчамялёва няма

Прыйшоў час праглядаць відэазапіс, які маецца ў справе Ігара Шчамялёва ў якасці доказаў ягонай вінаватасці. Відэа вельмі добрай якасці, зробленае аператыўнікамі падчас правядзення сустрэчы блогераў з жыхарамі Магілёва ля ГЦ «Гіпа». На відэа сведкі ўказалі на лысага мужчыну з барадой і назвалі яго Ігарам Шчамялёвым.

«Дык гэта ж нейкі стары мужык, а Ігар – малады хлопец», – абурыліся прысутныя ў залі суда.

Ігар таксама заўважыў, што на відэа мужчына без павязкі на твару і таму добра бачна, што гэта зусім іншы чалавек.

«Ну што цяпер скажаце?» – задала пытанне сведкам суддзя Жанна Пушкіна.

І цішыня. Усе трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў не ведалі, што ім адказаць. Пасля паўторнага прагляду і доўгага абмеркавання Ігар яшчэ раз перапытаў усіх трох сведкаў, ці ўпэўненыя яны зараз, што там быў менавіта ён. І атрымаў адказ ад праваахоўнікаў, што цяпер яны ўжо не могуць казаць упэўнена, што на акцыі прысутнічаў менавіта Ігар Шчамялёў.

Працяг разгляду справы Ігара Шчамялёва прызначаны на 29 траўня

Ігар Шчамялёў заявіў хадайніцтва, каб суддзя запрасіла білінг яго мабільнага тэлефону 5 траўня ў часе акцыі, каб спраўдзіць, дзе ён знаходзіўся. А таксама білінг прылады ягонага сябра, які выступаў сведкаю на судзе, каб пераканацца, што яны былі разам у той вечар.

Суддзя Жанна Пушкіна задаволіла хадайніцтва і прызначыла наступнае паседжанне па справе на 10:00 гадзін 29 траўня.

«Я думаю, што ў міліцыі быў пэўны план па колькасці затрыманых і яны выконвалі яго любым шляхам. Гэта так званая палачная сістэма. Яны паспяшаліся ў выпадку са мной і сапраўды дапусцілі памылку», – зрабіў выснову Ігар пасля суда.

Сведкамі ў судзе супраць Ігара выступілі тры супрацоўнікі МУС

Фота: «Белсат»

Вольга Васільева, Belsat.eu

Затрыманых у Бабруйску у Дзень Перамогі асудзілі на 10–12 дзён арышту

Шэсць чалавек з розных куткоў Беларусі правялі ў бабруйскім СІЗА тры дні і застануцца там яшчэ на тыдзень за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – «антыпарадзе», на які паклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі. Асуджаныя сцвярджаюць: да акцыі не мелі ніякага дачынення ці нават не ведалі пра яе, паведамляе Белсат.

Знайсці адваката за гадзіну і без грошай

У судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйска 12 траўня разглядалі справы шасці затрыманых падчас акцыі пратэсту «антыпарад», што прайшоў у горадзе 9 траўня. Абвінавачвалі, у асноўным, паводле артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Некаторым дадалі яшчэ непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

«Антыпарад» меўся прайсці ў Бабруйску 9 траўня паводле закліку блогера Сяргея Ціханоўскага. Правесці пратэстны аўтапрабег згодна з запланаваным сцэнаром – сабрацца ўсім разам на вуліцы Менскай – у аўтамабілістаў не атрымалася, бо гэтую саму вуліцу міліцыя перакрыла з самай раніцы. Праезд дазваляўся толькі грамадскаму транспарту.

Бабруйчанін Дзмітрый Вальфсон заўсёды ездзіць на працу як раз па вуліцы Менскай. Туды ж ён накіраваўся і ў суботу. Але яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і сказалі ехаць па дварах на іншую вуліцу. Патлумачылі гэта тым, што на Менскай ідуць рамонтныя працы і наносіцца новая разметка. Назвацца і паказаць свае пасведчанні міліцыянты адмовіліся.

Дзмiтрый Вальфсон

«Мы не абавязаныя прад’яўляць пасведчанні, – патлумачыў адмову ў судзе намеснік начальніка аддзелу міліцыі Ленінскага раёну Бабруйска Андрэй Сябецкі. – Раней мы насілі бэйджы, але гэтае правіла было скасаванае, цяпер у кожнага супрацоўніка маецца жэтон, а на ім – асабістыя дадзеныя».

Калі Дзмітрый адмовіўся ехаць тым маршрутам, які яму прапанавалі, падышлі амапаўцы і выцягнулі яго з машыны. За непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі мужчыну асудзілі на 10 содняў арышту. Яшчэ тыдзень ён правядзе ў бабруйскім СІЗА.

Дзмітрыю Вальфсону, як і іншым затрыманым, не далі магчымасці заключыць дамовы з адвакатамі. На пошук абаронцы суд адвёў гадзіну. Пад канвоем абвінавачаных адвезлі ў юрыдычную кансультацыю Бабруйска, але вярнуліся яны адтуль ні з чым.

«Нам не далі бясплатных адвакатаў, – патлумачыў баранавіцкі блогер Дзмітрый Цімафееў. – Аказалася, што трэба адразу заплаціць там на месцы, пры заключэнні дамовы, але ж у нас з сабой не было грошай, усё ж забралі, калі затрымалі».

Дзмітрый Цімафееў

Цімафееў падаваў хадайніцтва, каб яму далі пяць дзён на заключэння дамовы з ягоным адвакатам, які жыве ў Менску. Суддзя адмовіла. Пасля гэтага блогер запатрабаваў адводу суддзі. Гэтае хадайніцтва таксама было адхіленае.

Несанкцыянаванае чаканне аўтобуса на прыпынку

Сваё затрыманне Дзмітрый Цімафееў здымаў на відэа і паспеў яго выкласці ў інтэрнэт. Яго спынілі на адной з вуліц Бабруйска, калі ён ужо хацеў выязджаць з гораду. Гэтак жа, як і Вальфсона, яго выцягнулі з машыны і павезлі ў УУС. Абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыі.

«Выкрыкваў лозунгі ў падтрымку недазволенай акцыі і супраць параду ў гонар Дня Перамогі, удзельнічаў у мерапрыемстве, не маючы на гэта дазволу выканкаму», – тлумачыў затрыманне Цімафеева ў судзе начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі УУС г. Бабруйска Сяргей Рудзько.

Падчас затрымання Цімафееву стала дрэнна, у ізалятар яму выклікалі хуткую дапамогу. У СІЗА, паводле блогера, усіх трымалі ў адной камеры, у якой агулам было 18 чалавек.

«Умовы жахлівыя, сапраўдная турма, у нас нават туалетнай паперы не было і ніхто і не думаў нам яе даць», – казаў блогер.

Юрыя Салаўёва з Воршы, Аляксандра Ярмоленку з Жлобіна, Сяргея Аднамаха з вёскі Бабірова, што недалёка ад Бабруйска, затрымалі на аўтобусным прыпынку. Яны былі нават не на машынах.

«Я не ведаў ні пра які парад, ні ў чым не ўдзельнічаў і не збіраўся, – распавёў Сяргей Аднамах. – Я жыву ў вёсцы, прыехаў у Бабруйск да сваіх родных, у мяне тут сын. Стаю на прыпынку, чакаю транспарт, каб дабрацца да вакзалу і ехаць дадому, а тут падʼязджае бус з амапаўцамі, і нас усіх, хто там стаяў, запакавалі. Я дагэтуль не разумею, за што».

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў у якасці пакарання дзесяць содняў у СІЗА.

– За што вас асудзілі? – запыталі мы затрыманага, калі яго вывелі з будынку суда.

– Нейкі артыкул назвалі, я так і не зразумеў, пра што ён, – адказаў Сяргей Аднамах.

Таксама на дзесяць содняў зняволення асуджаны Андрэй Шуляка з Менску.

Фота: Belsat.eu

НА, Belsat.eu

 

Магілёў: 12 мая ўсіх затрыманых за акцыі ў сувязі з блогерам Сяргеем Ціханоўскім пакаралі арыштамі

У магілёўскіх судах 12 мая працягнуўся разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў. Усе яны былі абвінавачаны ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах і пакараны суткамі арышту.

Сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыехаў 5 мая ў Магілёў, каб паразмаўляць са сваімі падпісчыкамі і прыхільнікамі, для многіх ужо каштавала свабоды.

У 9-30 у судзе Кастрычніцкага раёна горада Магілёва пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы пазаштатнага карэспандэнта БелаПАНа Алеся Асіпцова. Алесь знік 9 мая ў Бабруйску пасля акцыі аўтамабілістаў “Антыпарад”. Пазней высветлілася, што яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ ў Магілёве.

Адміністрацыйная справа супраць Алеся Асіпцова была ўзбуджана за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве  – сустрэчы каманды блогераў “Краіны для жыцця” са сваімі падпісчыкамі ў Магілёве 5 мая. Асіпцоў сапраўды прысутнічаў на мерапрыемстве, але ён там быў у якасці журналіста, які назіраў за падзеямі і рабіў фота для падрыхтоўкі матэрыяла аб падзеі.

Пасля свайго затрымання і дастаўкі ў ІЧУ ў Магілёве Алесь Асіпцоў увесь час трымаў галадоўку. Пра гэта ён сам распавёў калегам-журналістам, пасля таго, як яго даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна.

Неабходна адзначыць, што суддзя Наталля Ясенка не пусціла ў свой кабінет на разгляд справы Асіпцова людей, якія прыйшлі падтрымаць Алеся ў судзе., спаслаўшыся на эпідэміялагічную сітуацыю. У кабінет суддзі не пусцілі нават дачку Асіпцова Яніну.

У судзе А.Асіпцоў заявіў, што ён працаваў падчас сустрэчы блогераў з магілёўцамі, як журналіст. Ён мае адпаведнае журналісцкае пасведчанне, меў заданне рэдакцыі і быў абазначаны адпаведным бэйджам. Сваю віну ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах журналіст не прызнаў.

Пасля перапынка для вынясення прысуду сакратар судовага пасяджэння запрасіла журналістаў і прыйшоўшых падтрымаць Асіпцова актывістаў у залу для агалошання рашэння суда. Аргументы Асіпцова на суддзю Наталлю Ясенка ніякім чынам не падзейнічалі, яна зачытала пастанову аб пакаранні журналіста 10 суткамі арышту згодна ч.1 арт.23.34 КаАП РБ за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Пасля вынясення судовага рашэння А.Асіпцоў заявіў, што ён працягне галадоўку да сканчэння тэрміна адбыцця пакарання. Журналіст адразу напісаў скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва ў Магілёўскі абласны суд.

У 10 гадзін раніцы ў судзе Ленінскага раёна Магілёва працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансера Аляксандра Буракова (старэйшага). Суддзя Вікторыя Палякова адразу зачытала рашэнне аб пакаранні журналіста 10 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Алесь Буракоў

Аргументы Буракова, што ён не ўдзельнічаў ні ў якім масавым мерапрыемстве, а выконваў свае журналістскія і праваабарончыя функцыі, на суддзю Палякову ніякім чынам не падзейнічалі.

А.Буракоў адразу ж напісаў скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна ў абласны суд. Супрацоўнікі міліцыі пасля гэтага адразу ж забралі журналіста для адбыцця пакарання ў магілёўскі ІЧУ.

У 16-00 у судзе Ленінскага раёна Магілёва працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы магілёўскага відэааператара і блогера Міхаіла Аршынскага.

Разгляд справы Міхаіла Аршынскага ў судзе пачаўся яшчэ 8 мая. Аднак суддзя Аксана Ратнікава, у адказ на хадайніцтва Аршынскага пра неабходнасць пошуку адваката для сваёй абароны ў судзе, абвесціла перапынак судовага пасяджэння да 16.00 12 мая. За гэты час Аршынскі мусіць заключыць дамову з адвакатам.

Літаральна праз некалькі хвілін пасля рашэння суддзі Ратнікавай Аршынскі зноў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі наўпрост ў будынку суда. Міліцыянеры вывелі журналіста праз службовы ўваход, пасадзілі ў машыну і даставілі ў Магілёўскі ізалятар часовага ўтрымання.

11 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Таццяна Міхайлава пакарала Міхаіла Аршынскага  10 суткамі арышту “за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” за тое, што 5 мая журналіст рабіў стрымы з акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.

12 мая Аршынскага даставілі ў Ленінскі суд прама з ІЧУ, дзе ён адбывае пакаранне. Падчас пасяджэння журналіст, правёўшы некалькі сутак ў турэмнай ізаляцыі, выглядаў вельмі стомленым і, магчыма таму, на пытанне суддзі, ці патрэбен яму яшчэ адвакат, адказаў адмовай.

Падчас судовага пасяджэння журналіст сцвярджаў, што не ўдзельнічаў ні ў якім масавым мерапрыемстве, а проста выконваў рэдакцыйнае заданне, асвятляючы для “Магілёўскага рэгіёна” акцыю ў падтрымку блогера С.Ціханоўскага.

Усе гэтыя аргументы не аказалі ніякага ўплыву на суддзю Ратнікаву. Ужо ўвечары яна вынесла рашэнне аб пакаранні Міхаіла Аршынскага 11 суткамі арышту.

Разам з учарашнімі дзясяццю журналіст правядзе ў ІЧУ у Магілёве 21 суткі.

12 мая ў Кастрычніцкім судзе Магілёва таксама была разгледжана адміністрацыйная справа грамадскага актывіста Андрэя Бодзілева. Яго абвінавацілі ў тым, што 5 мая на Віцебскім праспекце, калі натоўп абараняў ад міліцыі аднаго з членаў каманды блогераў “Краіна для жыцця”, ён рабіў відэаздымку.

Андрэй Бодзілеў папрасіў не ўжываць да яго адміністрацыйны арышт, паколькі ў яго на ўтрыманні знаходзіцца састарэлая мама, у яе інваліднасць II групы.

Нягледзечы на гэта, суддзя Дзяніс Кічыгін прыняў рашэгнне пакараць актывіста 7 суткамі арышту.

Супрацоўнікі міліцыі накіравалі А. Бодзілева ў ІЧУ для адбывання пакарання ў адной машыне з Алесем Асіпцовым.

Фота: Алесь Сабалеўскі, Іван Барысаў

Відэа: Яўген Глушкоў

Іван Барысаў

 

Суд у Магілёве пакараў блогера і журналіста Міхася Аршынскага за распаўсюд інфармацыі

Сёння суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Аксана Ратнікава пакарала 11 суткамі арышту відэаблогера і аператара «Магіёўскага … чытаць далей

Журналісту Буракову пагражае арышт за дзве хвіліны «ўдзелу» ў сустрэчы прыхільнікаў блогера Ціханоўскага

Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Вікторыя Палякова, пачаўшы сёння разгляд справы журналіста «Магілёўскага рэгіёна» Алеся Буракова, … чытаць далей

Магілёў накрыла хваля палітычных рэпрэсій

Каля дзесятка чалавек 11 мая былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі ці штрафамі за ўдзел, як сцвярджаюць улады, у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сярод іх відэааператар «Магілёўскага рэгіёна» Міхась Аршынскі.

Сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыехаў 5 мая ў Магілёў, каб паразмаўляць са сваімі падпісчыкамі і прыхільнікамі, для некаторых ужо каштавала свабоды. Нагадаем, што 5 мая стаўшы за невялікі час вядомым у Беларусі блогер наладзіў сустрэчу са сваімі падпісчыкамі ў Магілёве на Віцебскім праспекце і каля гіпермаркета «Гіппа». Міліцыя расцаніла гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Потым пачаліся затрыманні. Перш наперш былі затрыманыя госці Магілёва з каманды Ціханоўскага. І ўжо 8 мая пачаліся суды. Блогераў Уладзіміра Няронскага, Арцёма Сакава, Аляксандра Арановіча асудзілі да адміністрацыйнага арышту. Так, Няронскі атрымаў 10 сутак знаходжання ў ІЧУ, Арановічу – шэсць, Сакаву – пяць.

Таксама адбыліся суды па магілёўцах. Сцяпан Лазаронак атрымаў пяць сутак арышту, Вячаслаў Зайцаў – двое сутак.

У той жа дзень пачалі судзіць відэааператара «Магілёўскага рэгіёну» Міхася Аршынскага, які як відэаблогер здымаў сустрэчу з Ціханоўскім. Таксама ён здымаў 6 мая людзей каля ІЧУ, што сабраліся там, жадаючы ведаць, што адбылося з іх кумірам. Аршынскага затрымалі ўвечары 7 мая, калі ён выйшаў са свайго дому. Яму таксама інкрымініравалі удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суддзя Ленінскага суда Ратнікава задаволіла яго хадайніцтва аб выдзяленні часу на пошук адваката і перанесла суд на 12 мая. Аднак пачаць пошукі адваката журналісту не ўдалося – адразу пасля пасяджэння ён быў затрыманы па другой аналагічнай справе і адвезены ў ІЧУ.

Міхась Аршынскі і Барыс Бухель

11 мая магілёўскія раённыя суды зноў разглядалі справы затрыманых раней за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім. Сярод іх была актывістка АГП Таццяна Сівачэнка. Яна пакуль адзіная, якой быў прысуджаны штраф, а не арышт. Маладая жанчына павінна сплаціць 25 базавых велічынь (675 рублёў). Адзначым, што яе затрымалі 8 мая, калі актывістка святкавала ў сябе дома ўласны дзень нараджэння.

Таццяна Сівачэнка

Міхасю Аршынскаму, які да 11 мая ўжо чацвёра сутак знаходзіўся за кратамі, Кастрычніцкі суд Магілёва прызначыў 10 сутак арышту. І 12 мая яго чакае яшчэ адзін працэс.

Таксама 11 мая былі пакараны арыштамі за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім Уладзімір Барэйша (8 сутак), Мікіта Ігнашын (10 сутак), Барыс Огнеў (7 сутак), Іна Джумава (3 сутак).

Уладзімір Барэйша

Акрамя ўдзельнікаў сустрэчы з Ціханоўскім, 11 мая судзілі і тых, хто змагаецца за чысціню магілёўскага навакальнага асяроддзя. Пару разоў яны, па прыкладзе брэсцкіх актывістаў, выходзілі карміць галубоў. За гэта на 15 сутак арыштаваны Станіслаў Паўлінковіч, які быў затрыманы 7 мая па выхадзе з працы на заводзе. На свой прысуд палітычны актывіст адказаў воклічам «Ганьба!». Да 10 сутак адміністрацыйнага арышту за кармленне галубоў прыгаварылі Стаса Расінскага.

Сярод тых, хто яшчэ чакае суда ў ІЧУ – журналіст Алесь Асіпцоў, які быў затрыманы ў Бабруйску на «Антыпарадзе», які наладзілі 9 мая прыхільнікі Ціханоўскага, і магілёўскі экаактывіст Андрэй Бодзілеў. Сёння ж з ізалятара быў дастаўлены на суд журналіст «Магілёўскага рэгіёна» Алесь Буракоў. Пра яго працэс – у далейшых матэрыялах.

Алесь Буракоў

Варта адзначыць, што інкрымініраваныя затрыманым і асуджаным правапарушэнні – удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах абсалютна беспадстаўны і парушаюць правы чалавека. Бо, згодна з падпісаным і ратыфікаваным Беларуссю Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, карыстанне правам на мірныя сходы не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што накладваюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маралі насельніцтваці абароны праў і свабод іншых асоб. З таго, што адбывалася пры сустрэчах з блогерам Ціханоўскім у Магілёве і пры кармленні галубоў, нічога, аб чым гаворыцца ў Пакце, не было парушана.

Фота: Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў

Уладзімір Лапцэвіч

 

Журналиста Михаила Аршинского снова задержали прямо в суде Ленинского района Могилева

В суде Ленинского района Могилева 8 мая началось рассмотрение административного дела независимого журналиста Михаила Аршинского. … чытаць далей