У Горках 25 сакавіка мясцовых актывістаў дапыталі як сведак у крымінальнай справе аб абразе суддзі Горацкага суда Аляксандра Зайцава.
Па словах было кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Андрэя Юркова, зняважлівыя выказванні пра суддзю нібыта з’явіліся ў сацыяльных сетках. Зараз у Гораці аддзел Следчага камітэта выклікаюць тых, чые адміністрацыйныя справы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах разглядаў суддзя Зайцаў.
Вядома, што ўсяго ў мясцовы аддзел Следчага камітэта выклікалі шэсць чалавек, але іх можа быць і больш. У трох з іх, Андрэя Юркова, Наталлі Даронінай і Ларысы Самсонавай, 24 сакавіка адбыліся вобшукі ў межах гэтай жа крымінальнай справы аб абразе суддзі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі тэлефоны, камп’ютары, носьбіты інфармацыі, а таксама фотаапарат.
Андрэй Юркоў распавёў “Магілёўскаму рэгіёну”, што наогул не разумее, навошта ён спатрэбіўся Следчаму камітэту. У той час, калі нібыта былі напісаныя абразлівыя выказванні на адрас суддзі Зайцава, актывіст знаходзіўся за кратамі, і апрыёры не меў ніякай магчымасці размяшчаць нейкія запісы ў сацыяльных сетках. Юркоў кажа, што ў Следчым камітэце паводзілі сябе карэктна, ніякай падпіскі аб не разгалошванні з яго не бралі.
Нягледзячы на пераслед з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, актывіст сёння ўсклаў кветкі на магілу ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, студэнта Войцэха Дамарацкага, пахаванага ў Горках.
“Я ўдзячны нашай міліцыі. Яны зрабілі ўсё магчымае, каб максімальна прыцягнуць увагу грамадства да свята Дня Волі”, – адзначыў Андрэй Юркоў.
Іван Барысаў