Галоўная » У Горках пройдзе “Трактарны біятлон – 2022”

У Горках пройдзе “Трактарны біятлон – 2022”

Гонкі на трактарах і спаборніцтвы ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі выявяць лепшых сярод студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Мерапрыемства адбудзецца 23 лютага і пачнецца а 10-ай гадзіне раніцы на вучэбным палігоне акадэміі. Сёння, 21 лютага апошні дзень рэгістрацыі на гэтае спаборніцтва – паведамляюць horki.info са спасылкай на Палажэнне аб правядзенні адкрытага першынства. Да ўдзелу будуць дапускацца ўсе ахвотныя студэнты БДСГА з пасведчаннем трактарыста-машыніста катэгорыі “А” і без медыцынскіх супрацьпаказанняў. Трактары ўдзельнікам будуць прадстаўляць самі арганізатары біятлона.

Вось як будзе выглядаць траса спаборніцтваў.


Трактарны біятлон – папулярная ў апошнія гады забава, якая перыядычна ладзіцца ў розных кутках свету. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца спаборніцтвы ў расійскім рэгіёне Удмурція, дзе біятлон праходзіць на трактарах “Беларус” і збірае дзясяткі каманд-удзельнікаў, у тым ліку каманду Мінскага трактарнага завода. 

У Беларусі ў апошнія гады падобныя спаборніцтвы праводзіліся ў Смаргоні і Зэльве. У Смаргоні відовішчныя “Халодныя гульні” праходзілі на тэрыторыі пясчанага кар’ера, у 2018 годзе. Спаборніцтвы ў Зэльве складалі агульную праграму з конкурсам прыгажосці ў межах святкавання Дажынак у 2020-м годзе.

ВІДЭА са Смаргоні: https://www.youtube.com/watch?v=OgEF9gomw3k

ФОТА:belarus.by

Радаслаў Вярэйка