Галоўная » У Мінску затрымалі дзяўчыну з Горак. Раней яна працавала ў “Горацкім весніку”

У Мінску затрымалі дзяўчыну з Горак. Раней яна працавала ў “Горацкім весніку”

10 лістапада суддзя Лідзія Цяліца прысудзіла рэпарцёрцы “Нашай нівы” Кацярыне Карпіцкай 15 сутак арышту. Суд цягнуўся ажно тры з паловай гадзіны, дзве з якіх Цяліца “абдумвала”, які вынесці прысуд. Кацярыну схапілі ў суботу, 7 лістапада, падчас жаночага маршу. Цяпер калегі чакаюць яе на волі і расказваюць пра Кацярыну.

Каця – з Магілёўшчыны, з невялікага горада Горкі на 35 тысяч чалавек. Горак для яе творчай дзейнай натуры было мала, таму пасля адпрацоўкі размеркавання з журфака ў лакальным дзяржаўным выданні “Горацкі веснік” яна вярнулася ў сталіцу.

Два гады ў дзяржаўным СМІ, дзе кожнае слова вычытвалася строгімі цэнзарамі, Кацю не зрабілі менш свабодалюбівай. Не зменшыла гэта і яе жаданне змагацца за справядлівасць і абараняць тых, каму патрэбная абарона. Далейшымі этапамі ў яе журналісцкай кар’еры былі “Наша Ніва” і TUT.BY.

Кацю ўжо затрымлівалі на жаночым маршы — 26 верасня. Але тады адпусцілі. Фота TUT.BY.

Сіла Каці ва ўменні паглыбляцца ў гісторыі людзей, а таксама фіксаваць падзеі, жыва перадаваць настрой, атмасферу, бачыць цікавыя дэталі. Гэта робіць яе рэпартажы адметнымі, а стыль – пазнавальным.

Вольны ад журналістыкі час Каця прысвячае спорту і тэатру. І апошняе – не толькі пра паходы на спектаклі, яна сама ўдзельнічае ў пастаноўках. А нядаўна Каця запісала кавер на “Перемен” Цоя па-беларуску – беларуская мова для яе мае асаблівае значэнне.

Каця ніколі не заставалася ў баку ад падзей у краіне. Сёлета, калі пачалася выбарчая кампанія, яна адправілася па кватэрах збіраць подпісы за вылучэнне ў кандыдаты Віктара Бабарыкі. Вось тут можаце пачытаць яе шыкоўны дзённік пра гэта.

У часе паслявыбарчых пратэстаў Каця працавала як рэпарцёрка ў полі. Вы маглі бачыць яе і на жаночых маршах, і на нядзельных, і на дваровых вечарынах. А яе матэрыялы – на сайце і ў тэлеграм-канале “Нашай Нівы”.

Дарэчы, Каця – адна са стваральніц праекта “Наша Ніна”. Яна заўсёды ведала, што жанчыны – моц. І хацела, каб галасы беларусак гучалі мацней.

Ёсць пэўны сімвалізм, што затрымалі яе менавіта на жаночым маршы. Але мы дакладна ведаем, што з гэтым выпрабаваннем яна справіцца, бо іначай гэта не была б наша Каця.

Nashaniva.by