Два з паловай месяцы таму Горкі развіталіся з вайсковым лётчыкам Арцёмам Лычовым. Ураджэнец Беларусі, згодна пададзенай інфармацыі, загінуў у авіякатастрофе падчас вучэнняў у Стаўрапольскім краі. Але гісторыя можа мець працяг.
Ілюстрацыйнае фотаВайсковы лётчык быў пахаваны на аршанскіх могілках побач са сваякамі – такой была воля бацькоў хопца. 6tv.by ужо пісаў пра гэтую трагедыю.
Тады СМІ падавалі інфармацыю, што развітацца з лётчыкам акрамя вайскоўцаў прыехаў і вайсковы аташэ Амбасады Расеі ў Беларусі Кірыл Калючкін. Цяпер жа вядомы беларускі журналіст-расследвальнік Дзяніс Івашын звярнуў увагу менавіта на гэтую асобу. У новым матэрыяле сцвярджаецца, што Калючкін з’яўляецца падпалкоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў РФ (колішняе ГРУ).
З 2012 па 2014 гады Калючкін працаваў вайскова-марскім аташэ амбасады РФ ва Украіне. У красавіку 2014 года ў выніку правядзення контрвыведнай аперацыі ён быў затрыманы супрацоўнікамі СБУ на месцы здзяйснення ім агентурнай акцыі. Ягоная дзейнасць была прызнаная несумяшчальнай са статусам дыпламата, і ён быў абвешчаны персонай non grata.
Праз тры гады пасля раскрыцця Кірыл Калючкін быў кінуты на беларускі напрамак. Інфармацыі пра яго дзейнасць у адкрытых крыніцах няма. І асобна адзначаецца ў расследванні як раз ягоная прысутнасць на развітальнай цэрымоніі ў Горках і пахаванні лётчыка ў Воршы. Праз коску там кажацца, што загінуў Арцём Лычоў у Сірыі.
Раней была растыражаваная інфармацыя пра тое, што лётчык у Сірыі быў і здзейсніў там больш за 700 баявых вылетаў, а агулам быў у такіх камандзіроўках пяць разоў. Адзін і той жа артыкул перадрукоўвалі ўсе СМІ. У ім сцвярджалася, што Арцём Лычоў быў двойчы прадстаўлены да расейскіх дзяржузнагарод, але з-за памылак у паперах іх уручыць не паспелі. Апошняя акалічнасць і выклікае пытанні – як можна двойчы забыцца ўзнагародзіць героя, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях за мяжой.
Ад самага пачатку агульнай версіі стаўрапольскай катастрофы не было. Канал РЕН-ТВ сцвярджаў, што лётчыкі катапультаваліся і былі знойдзеныя нібыта два парашуты. Больш за тое, медыя, якія спецыялізуюцца на вайсковай тэхніцы, звярталі ўвагу, што тэхнічнае абсталяванне такіх машын дазваляе экіпажу катапультавацца на мінімальнай (каля 600 метраў) вышыні.
Але пазней з’явіліся іншыя версіі (ТРК “Стаўраполле”) – што катапульта нібыта не працавала, альбо абодва пілота страцілі прытомнасць з-за вялікіх перагрузак. Не цэнтральныя расейскія СМІ сцвярджалі, што штурмавік СУ-25УБ нібыта зваліўся ў штопар, а пазней з-за ўдара сыйшоў пад зямлю на тры метры і сплюшчыўся, “замураваўшы” целы пілотаў.
Партал “Военное обозрение” (https://topwar.ru/162212-prichinoj-krushenija-su-25ub-v-stavropole-nazvali-zavodskoj-brak.html) раскрыў інфармацыю пра тое, што рэшткі пілотаў былі накіраваныя на генетычную экспертызу у Растоў-на-Доне (спецыялізаваная судова-медычная лабараторыя пры 522-м Цэнтры прыёма і адпраўкі загінулых). Фрагменты целаў не больш за 12 сантыметраў прыходзілася вызначаць па ДНК.
У растоўскі “Ваенвед” звыйчайна трапляюць і парэшткі тых, хто загінуў у Сірыі альбо на любой іншай вайне. Цяпер дакладна сказаць, хто быў у самалёце (і ці быў) немагчыма.
Алесь Лянеўскі