Малады спецыяліст Аляксандр Крушаў трапіў у сельскую школу аграгарадка Добрая па мэтавым накіраванні. Больш за два гады настаўнік вучыў дзяцей матэматыцы ды інфарматыцы. А 26-га кастрычніка Аляксандр абвесціў аднадзённую забастоўку.
«У нашай мясцовасці, магчыма, ад далейшай забастоўкі сэнсу б такога не было, а дзеці пакутуюць, то бок у нас настаўнікаў не шмат. Мы паказалі адміністрацыі сваю пазіцыю і вырашылі вярнуцца да дзяцей», – тлумачыць настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Крушаў.
Разам з Аляксандрам страйк абвесціла і ягоная сваячка, настаўніца пачатковых класаў у той жа школе Наталля Крушава.
«Я разумела, што гэта можа прывесці да нейкіх наступстваў, але сумленне маё не дазваляла маўчаць, таму я не змагла», – кажа настаўніца пачатковых класаў Наталля Крушава.
Пасля аднадзённага страйку настаўнікі выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі ды запісалі відэазварот, у якім прагучалі наступныя словы: «Выказваю сваю падтрымку ўсім людзям, якія адкрыта выражаюць сваё меркаванне і пакутуюць за праўду»; «Я жадаю абараніць педагагічны гонар, якога нельга адняць, але можна згубіць пры абыякавасці да важных падзеяў, якія адбываюцца ў грамадстве».
Калі аднадзённую забастоўку настаўнікам яшчэ маглі б дараваць, то звароту, які пабачыла ўся Беларусь, – не даравалі. Шостага лістапада адміністрацыя школы азнаёміла Крушавых з загадам аб звальненні.
«Паколькі яны не выйшлі на працу, нявыхад больш за тры гадзіны лічыцца прагулам у нашым заканадаўстве. Так што фармальна іх звольнілі, і наўрад ці які суд іх адновіць на працы», – пракаментаваў прадстаўнік прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці па Магілёўскай вобласці Аляксей Яўгенаў.
Менавіта гэтыя рэпрэсіі не даюць адкрыта выступіць іншым настаўнікам. Згубіць працу страшна людзям у вялікім горадзе, не тое што ў аграгарадку на 500 чалавек.
«Мы прапусцілі, педагогі, мы прапусцілі час для стварэння незалежных прафсаюзаў. Але я лічу, што на сёння яшчэ не позна заняцца гэтай працай. Павінна быць структура, якая дапамагае людзям, якія думаюць сумленна», – кажа спецыяліст у дзіцяча-бацькоўскіх дачыненнях Наталля Паспелава.
Пра свой учынак Крушавы не шкадуюць. Аляксандр думае прайсці курсы тэставальніка і ўладкавацца ў айці-кампанію, а Наталля будзе працаваць цырульніцай і шукае дадатковую працу.
«У мяне ёсць невялікая цырульня, якую я адкрыла зусім нядаўна. Я заўсёды марыла тут адкрыць цырульню, з тых часоў, як атрымала гэту спецыяльнасць. Бо я лічу, што наша мясцовасць і нашыя людзі заслугоўваюць», – дзеліцца Наталля Крушава.
Паводле Аляксандра і Наталлі Крушавых, яны не збіраюцца з’язджаць з аграгарадка Добрая. Маўляў, хоць іх і звольнілі, але аднасяльчане ставяцца да іх і іхнай пазіцыі з павагаю.
Вольга Васільева, Белсат